Капліца-пахавальня Ляўковічаў (Kaplica grobowa Lewkowiczów) у Бакунах
Агульныя звесткі
Капэлла-пахавальня шляхецкага роду Ляўковічаў знаходзіцца на ўскрайку леса на поўдзень ад мясцовых Бакуноўскіх могліцаў. Тэрыторыя вакол капэллы абсаджаная акацыямі. Па перыметры пракапаныя каналы, магчыма каб ніжні паверх не затапліваўся вадою. З боку парку, праз канал, ідзе насыпаны масток да ўваходу.
Будынак капэллы пабудаваны праўдападобна ў другое палове XIX ст. Пабудаваны з чырвонае цэглы на каменным падмурку, вышыняю каля 4 метраў. Дах двухсхільны і з фронту верагодна знаходзіўся крыж. Капэлла стаіць уваходам ад парку, тыльным бокам да вёскі.
Па баках ад уваходу арачныя вокны. З фронту знаходзіліся ўваходныя дзьверы на моцных жалезных завесах.
Сьцены будынка былі атынкаваныя з усіх бакоў, як звонку так і ў сярэдзіне, а з тыльнага боку зьнешняе часткі магчыма быў намаляваны хрысьціянскі вобраз.
Капэлла складаецца з дзьвух частак – наземнае і падземнае. Наземная зала – прасторнае памяшчанне, праўдападобна ўтрымлівала неабходны памінальны інтэр’ер. На тыльнае часцы, паралельна ўваходу, невялікае арачнае акно. Ля дзьвераў, адразу праворуч – прыступкі ў падземную залу. Падземная частка – гэта склеп радавых пахаванняў. Пасьля абрушэння першага паверху, відаць як мінімум 9 пахавальных нішаў. З тылу залы маецца невялікае акенца, дзённы сьвет ад якога падаў на пахаванні. Да нашых дзён захавалася толькі адна мемарыяльная пліта, якая знаходзіцца на 3-м верхнім ярусе і належыць Казіміры Ляўковіч (Kazimiera Lewkowiczowna), памерлае ў маладосьці ў 1909 року.
Савецкі перыяд
Пасьля прыходу Савецкае ўлады, капэллу разрабавалі. Дзьверы адсутнічаюць, роўна як і вокны. Вандаламі былі вынесеныя труны, выкрадзеныя асабістыя рэчы памерлых, не засталося нават людзкіх парэштак. Аніякіх хрысьціянскіх аб’ектаў ці пазначэнняў акрамя адное мемарыяльнае пліты не захавалася.
https://pruzana.wordpress.com/2017/01/24/kaplica-u-bakunach/
Фотаздымкі зроблены 10.08.2022.