7 верасня ўдзельніцы вакальнага гурта «Каханачка» Ліноўскага СДК рушылі на Камянеччыну, у аграгарадок Белавежскі. Тут у Доме культуры аднайменнага сельгаспрадпрыемства на кастынг тэлепраекта АНТ «Зорны шлях» сабраліся работнікі прадпрыемстваў аграпрамысловага комплексу Брэстчыны. Нагадаем, што рэспубліканскі праект праводзіцца сумесна з Федэрацыяй прафсаюзаў Беларусі і ставіць мэтай знайсці таленавітых і харызматычных непрафесійных выканаўцаў.
У наступны тур дзяўчаты не выйшлі, але выступілі ярка і нават засвяціліся ў навінах на Брэсцкім тэлебачанні. Цікава было даведацца пра іх уражанні ад кастынгу, тым больш што сёлетнім багатым на мерапрыемствы летам мы неаднойчы перасякаліся з «Каханачкай» і яе кіраўніком Яўгеніяй Васілюк. І вось халаднаватым вераснёўскім вечарам я вырашыла задаволіць сваю цікаўнасць і паехала на чарговую рэпетыцыю самадзейнага калектыву.
І раптам аказалася…
Неспадзяванка выйшла
Аказалася, што літаральна напярэдадні ў «Каханачкі» змяніўся кіраўнік: Яўгенія Віктараўна пайшла на заслужаны адпачынак, а кіраўніцтва калектывам перадала Наталлі Нікітчык. Што ж, справа жыцейская, пра пераемнасць пакаленняў мы шмат разважаем. Узгадалася чамусьці, як у жніўні гурт ладзіў канцэрт у Чадзелі і Віктараўна прызналася, што спаўняецца яе мара: выступіць у вёсцы свайго дзяцінства. Цяпер разумею, што для яе гэта быў канцэрт-развітанне. Узгадаліся і эмоцыі таго дня, і камяк у горле ад кранальных сустрэч, і ўсмешкі, і слёзы, і песні, песні, песні…
«Мы вам жадаем…»
Гутарка з калектывам усё ж пачалася з кастынгу, для якога выбралі дзяўчаты адну са сваіх любімых шчырых і завадных песень — «Мы вам жадаем».
— Уражанняў было шмат, — прызнаюцца ўдзельніцы гурта. — І арганізацыя адборачнага тура была вельмі талковай, добрай. Усяго маштабу мерапрыемства мы, зразумела, калі заяўку падавалі, не ўяўлялі. Ужо там паглядзелі: колькі святла, колькі мікрафонаў. А тут яшчэ журналісты з камерай! Занерваваліся, і выступалі, як на аўтамаце. Мы пачыналі другое аддзяленне, а ўсяго было 22 удзельнікі. З Пружанскага раёна двое: Наталля Феранец прадстаўляла малочны камбінат, а мы — Аранчыцкую птушкафабрыку. Апытвалі, правяралі, дарэчы, усіх канкрэтна, каб ніякіх «падстаўных» прафесійных выканаўцаў не было.
— Выбачайце, але неаднойчы чула вашы выступленні. Трымаецеся на сцэне вы не горш за прафесіяналаў.
— Гэта зараз. А вы б бачылі нас восем гадоў таму!
— Калі ўсё толькі пачыналася?
— Так. Колькі Яўгенія Віктараўна паўгаворвала, каб арганізаваць калектыў! Нарэшце сабраліся, вывучылі песню, запісалі, а праз два тыдні ўжо паехалі ў Крыніцу на грыбны фэст. Гэта было 13 верасня 2014 года. Першае выступленне. Мы нічога не ведалі, нічога не ўмелі. Нават каб на сцэну выйсці перад народам, трэба было сябе перамагчы. А праз два гады ўжо дыплом за першае месца атрымалі.
Кожныя выхадныя — гастролі
За восем гадоў шмат вады ўцякло, склад гурта мяняўся, але і сёння спяваюць у ім удзельніцы першага саставу Алена Крупская, Святлана Гвардзеева, Таццяна Зуй. Дарэчы, менавіта гэтая тройка плюс Таццяна Шынкарук і ездзілі на кастынг. Са старэйшага пакалення і Наталля Жукава. Ганна Супруновіч зараз у дэкрэтным адпачынку (ужо ў другім за перыяд удзелу ў калектыве), але раз-пораз выбірае хвілінку, каб прыбегчы ў Дом культуры. Крыху пазней улілася ў гурт самая маладая яго ўдзельніца Юлія Матус. Цяперашні кіраўнік Наталля Нікітчык таксама не так даўно прыйшла.
— Наталля, вы, фактычна, тут адзіная прафесійная спявачка, да таго ж, музычны педагог з неблагім стажам. Якое ўражанне?
— Я спачатку спявала ў камерным хоры, была яго кіраўніком, шмат гадоў працавала ў Пружанскай школе мастацтваў, пасля дэкрэту — у Ліноўскай ДШМ працую з дзеткамі. Па праўдзе, Яўгенія Віктараўна некалькі разоў казала мне пра магчымую замену. І вось у маі зноў падышла з просьбай дапамагчы. Дзяўчаты рыхтаваліся на нейкі фэст. Я і прыйшла. А ў іх, аказваецца, кожныя выхадныя — гастролі!
— Гэта мы напачатку чэрвеня ў Белавежскую пушчу ездзілі, на фестываль самадзейнай творчасці «Добрыя сэрцы», — узгадвае Алена Крупская. — Не першы раз былі ў пушчы. Ведаеце, мы лічым, што пушчанскія фэсты літаральна ўзнялі нас. Сюды шмат цікавых выканаўцаў прыязджае, ёсць магчымасць сябе паказаць і вопыту набрацца. І гэта ўсё таксама дзякуючы Яўгеніі Віктараўне, без яе ніколі не атрымалася б паехаць.
— Яна займалася і арганізацыяй паездак?
— І паездкамі, і касцюмамі. Спачатку ў нас сваіх не было, выступалі ў клубных. А потым кіраўніцтва Аранчыцкай птушкафабрыкі выдзеліла грошы на гэтыя шыкоўныя ўборы. Мы ездзілі ў Мінск, на прадпрыемства, дзе шыюць сцэнічнае адзенне, і ў лютым 2016-га ўжо выступалі ў гэтых касцюмах на юбілеі птушкафабрыкі.
— Сапраўды, вы вельмі прыгожа апрануты.
— Мы куды ні прыедзем, усе захапляюцца, — кажа Наталля Жукава. — Але ўборы яшчэ і з асаблівым сэнсам. Яўгенія Віктараўна шмат гадоў займалася вывучэннем мясцовага фальклору і рамёстваў, збірала не толькі песні, але і ўзоры вышыўкі. І вось гэтыя кветкі на кашулях і фартухах — нашы, мясцовыя, менавіта тутэйшая традыцыйная вышыўка.
Што тычыцца рэпертуару, то займалася з намі таксама і Кацярына Ідрысава, цяперашні кіраўнік гурта «Бабіна лета». Ён быў створаны нашмат раней, і жанчыны маглі перадаць свой вопыт нам, навічкам. Дарэчы, і назву прыдумала Кацярына Іванаўна.
Не народныя артысты, а артысты з народа
Народны фальклорны гурт «Бабіна лета» быў створаны яшчэ напрыканцы 1980-х. Цяпер ён таксама працуе пры Ліноўскім СДК, але ў свой час знаходзіўся пад «патранажам» Дома фальклору і Аранчыцкай птушкафабрыкі.
— З птушкафабрыкі і ўся наша біяграфія пачыналася, — наперабой расказваюць жанчыны. — У свой час прадпрыемства аддала будынак складоў у Аранчыцах пад клуб і ўзначаліць яго прапанавалі Яўгеніі Васілюк, якая на той час кіравала хорам птушкафабрыкі. Гэта ўжо гадоў 35 з таго часу прайшло! У 2010 годзе клуб — зноў жа пры дапамозе птушкафабрыкі — адрамантавалі і пераўтварылі ў Дом фальклору.
— Мы ж амаль усе на птушкафабрыцы працуем або працавалі пэўны час: птушніца, сартавальніца, кладаўшчык, прадавец фірменнага магазіна «Курачка Раба»… Толькі Аня Супруновіч з гэтага шэрагу вылучаецца, яна — медсястра Ліноўскай амбулаторыі. А ўсе разам — адна сям‘я. Ды не ў кожнай сям‘і так згуртавана, дружна жывуць. За восем гадоў мы сталі сапраўды блізкімі людзьмі, якія і ў горы, і ў радасці разам.
— Дні нараджэнняў адзначаем. А на вяселлі цэлыя абрады рабілі, па поўнай праграме. Яўгенія Віктараўна падчас экспедыцый збірала гэтыя абрады мясцовыя, ведае добра, якія песні, якія віншаванні павінны быць. Першы раз абрад паказалі, калі Ганна наша замуж выходзіла, потым — калі Алена сына жаніла. Нечакана для гасцей атрымалася і вельмі прыгожа. А колькі ездзілі са шчадроўкамі! І не толькі па Ліноўскім сельсавеце, палову Пружан аб‘ехалі.
— Як усюды паспяваеце толькі? І праца, і сем‘і, і дом, і агароды…
— Сапраўды, вельмі многа паездак у нас, так што на працы не адпускаюць ужо, у свае выхадныя ездзім, — прызнаюцца жанчыны. — А яшчэ любім кулінарыць і нават перад самай пандэміяй удзельнічалі ў праекце «Гастрападарожжа» па адраджэнні нацыянальнай кухні.
А Яўгенія Віктараўна пад нас падстройвалася. Тэлефануе бывала: «Ну што, бульбу выкапалі, перабралі? Тады збіраемся».
У добрыя рукі
— Гэта як пасыл новаму кіраўніку?
— Мне яшчэ многаму вучыцца і вучыцца, — уздыхае Наталля Нікітчык. — Прыглядваюся, прыслухоўваюся да ўсяго. Але ж Яўгенія Віктараўна менавіта сама мяне выбрала, так што трэба апраўдваць давер. Як яна казала: «Хачу аддаць сваю справу ў добрыя рукі». Тым больш пры яе энергіі спадзяёмся, што неаднойчы яшчэ сустрэнемся на розных пляцоўках. Як у той нашай песні-пажаданні спяваецца: «Верым мы зноў, як у сяброў, будзе сустрэч нямала ў нас…»
Ірына Сядова