Больш за 40 гадоў свайго жыцця аддаў беларускай чыгунцы электраманцёр станцыі Аранчыцы Міхаіл Быцкевіч. Як зазначае ветэран, стаць чыгуначнікам ён марыў з дзяцінства. У немалой ступені прафесійнаму выбару паслужыў і прыклад бацькі, які працяглы час працаваў стрэлачнікам.
Пасля заканчэння бярозаўскай школы Міхаіл адразу пайшоў вучыцца ў Брэсцкае прафтэхвучылішча №27 чыгуначнага транспарту, атрымаў спецыяльнасць электраманцёра. На пачатку 1980-х гадоў праводзілася актыўная электрыфікацыя беларускай дыстанцыі шляху, і прафесія гэтая была запатрабаванай. Міхаіл Аляксеевіч мог выбіраць любое месца працы, але аддаў перавагу роднаму краю і працаўладкаваўся на станцыю Бяроза-Картузская.
— Праз некалькі гадоў надышла чарга электрыфікацыі дробных станцый, таму мяне ў 1985 годзе накіравалі на дапамогу ў вёску Аранчыцы, — успамінае заслужаны чыгуначнік. — Так я тут і застаўся на ўсё жыццё.
Трэба сказаць, што Міхаіл Быцкевіч не проста працаваў, добрасумленна выконваючы свае абавязкі. Ён укладваў у даручаную справу не толькі сілы, энергію, уменні і веды, але і душу. І настолькі адданая праца не засталася не заўважанай: за чатыры дзесяцігоддзі Міхаіл Аляксеевіч сабраў усе магчымыя прафесійныя ўзнагароды. У скарбонцы ветэрана захоўваюцца дзясяткі падзяк і ганаровых грамат рознага ўзроўню. За набыты вопыт электраманцёру Быцкевічу прысуджаны 8 разрад (а гэта, да слова, самая высокая кваліфікацыйная прыступка). У 2014 годзе Беларускай чыгункай была зацверджана новая дзяржаўная ўзнагарода — нагрудны знак выдатнасці «За добрасумленную працу на беларускай чыгунцы». Нагрудны знак мае тры ступені, і за 8 мінулых з таго моманту гадоў Міхаіл Аляксеевіч стаў кавалерам усіх трох. Таксама на форме ветэрана ёсць нагрудны знак «Выдатнік чыгункі», а ў сямейным архіве захоўваецца фота з абласной Дошкі гонару прадпрыемства.
Сярод калег Міхаіл Быцкевіч вызначаецца як прафесіянал сваёй справы, адукаваны, уважлівы да дробязей спецыяліст, здольны аператыўна прымаць рашэнні, а ў цяжкіх сітуацыях аказаць дапамогу напарнікам. На станцыі Аранчыцы, між іншым, абсталяванне лічыцца надзейным толькі ў выпадку, калі яно не выклікае заўваг у заслужанага электраманцёра.
А колькі вучняў выхаваў за чатыры дзесяцігоддзі Міхаіл Аляксеевіч! Многія з іх зараз працуюць побач са сваім настаўнікам, а некаторыя дасягнулі на чыгунцы і больш высокіх пасад.
У паўсядзённым жыцці Міхаіл Быцкевіч — добры сем’янін, які выхаваў дзвюх дачок. Адна з іх, дарэчы, нейкі час таксама працавала на чыгунцы. Нярэдка дзядулю наведваюць шэсць унукаў, старэйшыя з іх ужо набліжаюцца да ўзросту, калі патрэбна выбіраць прафесію. Радасна яму, што ў кагосьці з гэтых дзяцей ёсць мара таксама пайсці па шляху дзеда Мішы.
Алег Сідарэнка. Фота Кацярыны Масік