Апошнія каментары
Flag Counter

Да Дня чыгуначніка: сяброўства мацней за метал

Раённыя будні

Сучасны будынак чыгуначнай станцыі штодня сустракае і праводзіць сотні пасажыраў на захад ці на ўсход. Для кожнага з нас гэта ўсяго некалькі імгненняў жыцця. Але ёсць людзі, якія праводзяць на чыгунцы не адзін дзясятак гадоў. Дзякуючы іх намаганням, мы можам у любы час адправіцца ў падарожжа. Прыбываюць на станцыю або праходзяць міма сотні вагонаў з грузамі для вытворчасці або для напаўнення паліц магазінаў.

Як расказвае начальнік чыгуначнай станцыі Аранчыцы П.М.Бабіч, працуе тут каля сотні людзей з розных структурных падраздзяленняў дыстанцыі шляху. Непасрэдна ў яго падначаленні два дзясяткі чыгуначнікаў, якія адказваюць за работу станцыйных аб’ектаў і збудаванняў, кіруюць пасажырскім або таварным патокамі, сочаць за станам электрычных устройстваў — семафораў, стрэлак і г.д.

— З аднаго боку, наш калектыў невялікі, затое вельмі дружны,— зазначае Павел Міхайлавіч.— А яшчэ ў нас працуе нямала сямейных дынастый.

Магчыма, штуршок гэтай згуртаванасці дало папярэдняе пакаленне чыгуначнікаў, якія шчыравалі на станцыі напрыканцы мінулага і напачатку бягучага стагоддзяў. У якасці прыкладу можна назваць сяброўскія адносіны паміж былымі білетнымі касірамі, а зараз заслужанымі пенсіянерамі Беларускай чыгункі — З.П.Антончык, Г.А.Данілюк, Л.П.Баліцкай, Т.М.Мацкевіч, М.А.Аляхновіч і Г.М.Трубінавай. Кожная з іх адпрацавала ў станцыйных касах ад 25 да 40 гадоў, некаторыя падрыхтавалі сабе на змену дзяцей, а асобныя — нават і ўнукаў. Менавіта гэтыя жанчыны падтрымлівалі работу станцыі ў няпростыя 90-я гады ХХ стагоддзя, асвойвалі камп’ютарную тэхніку (дарэчы, самыя першыя ў Брэсцкай вобласці), а потым навучалі іншых. У сваю чаргу, узгадваюць, што многаму навучыла іх саміх старэйшая калега, былы старшы касір Яўгенія Іванаўна Люсцібер.

— Такі быў час, што выжыць магчыма было толькі ў адным гурце,— расказваюць ветэраны чыгункі.— Мы разам весяліліся і плакалі, гадавалі дзяцей, жанілі і чакалі ўнукаў. Нават бульбу разам садзілі-збіралі.

Сяброўства працягваецца і на пенсіі, жанчыны збіраюцца за кубкам чаю з самавара, які некалі куплялі ў складчыну. А яшчэ пенсіянеры падтрымліваюць зносіны з цяперашнімі чыгуначнікамі, перадаючы ім павагу да сяброўства ў калектыве. А ў дадатак — адказнасць, якой заўсёды вызначаўся чалавек у чыгуначнай форме, ці то апрануты ў касцюм білетнага касіра, ці ў аранжавай камізэльцы пуцевіка.
Гэта дае падставы спадзявацца на тое, што і праз дзесяцігоддзі чыгуначная станцыя Аранчыцы будзе сустракаць цягнікі і людзей гэтак жа дакладна, як і сёння, звязваючы Пружаны з усім светам.
На здымках: 1. У Парыж, Маскву ці Шанхай? На любы напрамак выдасць білет М.М.Зуй. 2. За дакладнай работай электраабсталявання сочаць электрамеханікі Р.Ю.Кіпцэвіч, А.І.Хільковіч і электраманцёр А.В.Шугай. 3. Ветэраны чыгункі З.П.Антончык, Г.А.Данілюк, Л.П.Баліцкая, Т.М.Мацкевіч, М.А.Аляхновіч, Г.М.Трубінава.
Алег Сідарэнка, Кацярына Масік (фота).

Пакінуць адказ

Ваш адрас электроннай пошты не будзе апублікаваны. Неабходныя палі пазначаны як *

Подтвердите, что Вы не бот — выберите человечка с поднятой рукой:

Падпісацца на RSS

Калі ласка, увядзіце email адрас:

Delivered by FeedBurner

Архівы
Рубрыкі сайта
Ритуальная фурнитура
Музей истории вычислительной техники
Ліноўская СШ
МОВА НАНОВА
ПРОЕКТ ОБЩЕСТВЕННОГО МОНИТОРИНГА ВОЗДУХА БЕЛАРУСИ