Раённыя будні

Сядзібу Галіны Іванаўны Ільяшэвіч, што знаходзіцца па вуліцы Школьнай у аг.Лінова, ведаюць усе жыхары аграгарадка і не толькі. Людзі сюды спяшаюцца, каб набыць якасную расаду агародніны, а заадно палюбавацца на дом, які патанае ў кветках ад вясны да восені. Нават узімку тут радуе вока рознае экзатычнае вечназялёнае кустоўе.

“Сусвет флоры – гэта маё прызванне”, — усміхаецца жанчына, якая, між іншым, біёлаг па адукацыі, таму даглядае расліны па ўсіх правілах біялагічнай навукі і нават праводзіць паспяховыя эксперыменты.

У свой час любоў да раслін Галіне Іванаўне прывілі дзядуля па мамінай лініі, сама матуля-садоўніца, а таксама школьная настаўніца біялогіі. З лёгкай рукі апошняй Галіна і паступіла на біялагічны факультэт Брэсцкага педінстытута, дзе памнажала і ўдасканальвала дзедаву навуку.

Пазней свой вопыт і сваю любоў да раслін яна з задавальненнем передавала вучням: школьны ўчастак, якім яна загадвала, неаднаразова прызнаваўся лепшым у раёне.

— Але калі пачала працаваць у школе, зразумела, што на адну настаўніцкую зарплату пражыць праблематычна, таму ў дадатак да кветак пачала вырошчваць і расаду агародніны, — прызнаецца жанчына.

Яна не развіталася з любімай справай і з выхадам на заслужаны адпачынак. Больш за тое, пачала выпісваць розныя тэматычныя часопісы. Так з‘явілася на падворку розная заморская экзотыка. І цяпер літаральна кожны кавалачак зямлі на яе сядзібе заняты раслінамі і прыносіць карысць, якая, перш за ўсё, вымяраецца не грашыма, а прыемнымі ўражаннямі гасцей і прахожых.

Дзякуючы прафесійнаму догляду, сядзіба Галіны Ільяшэвіч, нібы модніца, амаль круглы год мяняе свае ўборы. Зямля ніколі не пустуе, на месцы расады ранніх культур тут жа з’яўляецца іншая агародніна ці новыя кветкі.

— Безадходная вытворчасць, — смяецца ўвішная гаспадыня. — Усё ідзе ў справу. З агарода і палісадніка нічога не выкідваю: аджыўшыя свой век расліны ідуць на кампост, а потым даюць жыццё іншым.

А такіх “іншых” тут безліч. Адных руж – два дзясяткі відаў і больш за сотню кустоў: чайна-гібрыдныя, пляцістыя, белыя, чырвоныя, жоўтыя, бледна-ружовыя, нізкія і высокія, духмяныя і без водару… Гледзячы на гэту “калючую” прыгажосць, міжволі ўзгадваеш вядомы загад мачахі для Папялушкі “пасадзіць сорак кустоў руж”, які на фоне ўбачанага адразу перастае падавацца невыканальным.

Здзіўляюць сваёй разнастайнасцю і лілеі, якіх на сядзібе Галіны Ільяшэвіч налічваецца ажно сорак відаў. Ёсць і мяцельчатыя буйналісцевыя гартэнзіі, рознакаляровыя лілейнікі, калы, юкі, касачы, а яшчэ спірэі, дэйцыі, рададэндраны, берасклеты…

Каля агароджы высяцца стройныя туі і духмяны ядловец, уздоўж сцежак размясціліся чырвона-ліловыя гейхеры і раскідзістыя хосты. Паміж моднымі цяпер экзотамі красуюцца правераныя часам традыцыйныя “бабуліны” вяргіні, непатрабавальныя хрызантэмы…

Бясконцае мора раслін раскінулася і ў доме гаспадыні: паўсюль вазоны з кветкамі і ёмістасці з расадай і чаранкамі.

— Прызнацца, гэтага не так і многа, як хацелася б. Проста я люблю дарыць кветкі сваім родным, сябрам, увогуле добрым людзям, а такіх шмат, таму і планаў у мяне яшчэ нямала.

Алена Зялевіч. Фота Кацярыны Масік