Раённыя будні

Дзень 14 жніўня для ліноўскага кветкавода Галіны Іванаўны Ільяшэвіч заўсёды напоўнены асаблівым сэнсам. У гэты дзень нарадзіўся яе бацька, ветэран Вялікай Айчыннай вайны Іван Лявонцьевіч Мароз, якому сёлета споўнілася б 95 гадоў.

Жанчына дастае з шафы скрыначку і паказвае нам узнагароды, якія ў свой час заслужыў дарагі яе сэрцу чалавек. Баявыя медалі, ордэн Працоўнага Чырвонага Сцяга, ордэн Леніна, Знак «Ганаровы чыгуначнік», ордэн Айчыннай вайны II ступені…

Узнагароды Івана Лявонцьевіча Мароза
Узнагароды Івана Лявонцьевіча Мароза

— Ён быў вельмі простым, сціплым чалавекам… Невысокага росту, хударлявы. Толькі непрапарцыянальна вялікія і мазолістыя кісці рук выдавалі яго працавітасць, нястомнасць. Тата пражыў годнае жыццё і паказаў прыклад адданага служэння роднай зямлі, – успамінае дачка героя.

Іван Мароз нарадзіўся ў 1926 годзе. А гэта значыць, летам 1944-га, калі яго прызвалі ў войска, яму толькі-толькі споўнілася 18 гадоў. У свой дзень нараджэння, 14 жніўня, малады баец атрымаў салдацкае абмундзіраванне, якое ўжо праз дзень “абнавіў” у жорсткім баі.

— Бацька расказваў, што пасля свайго першага бою суткі не мог есці: перад вачыма стаялі загінулыя таварышы, з якімі яшчэ ўчора мыўся ў салдацкай лазні… Успамінаў пра тое, як гналі немцаў без перапынку, — расказвае Галіна Іванаўна.

Іван Лявонцьевіч Мароз
Іван Лявонцьевіч Мароз

Першы раз Іван Лявонцьевіч быў паранены асколкам снарада ў руку, але раненне было лёгкім, праз кароткі час салдат здолеў далучыцца да сваёй часці. Другі раз было значна цяжэй: яго кантузіла пры пераправе праз Одэр.

Кантузія была цяжкай, непрытомнага салдата даставілі ў палявы шпіталь. Там ён даведаўся, што яму яшчэ пашанцавала: пры пераправе загінула шмат чырвонаармейцаў. Там, у шпіталі, сустракаў і Дзень Перамогі.

— Радыё было ўключана на ўсю моц. Радасная вестка пра капітуляцыю фашысцкай Германіі, здавалася, удыхнула ў параненых новыя сілы: сцены шпіталя, як тата ўспамінаў, ажно здрыгануліся ад гучных крыкаў “ура!”. Параненыя смяяліся, але і плакалі, паколькі ведалі, што сотні тысяч нашых салдат не дажылі да гэтага дня…

Вайне настаў канец — і многія яе салдаты адразу вярнуліся дамоў. Але Іван Лявонцьевіч застаўся служыць у пасляваеннай Германіі. Вярнуўся толькі праз шэсць з паловай гадоў.

— Нянавісці да немцаў не было. Не раз тата казаў, што простыя немцы таксама згаладаліся па міру. Ім гэтая вайна не была патрэбна… Пасля Вялікай Айчыннай закончыў курсы чыгуначнікаў, і доўгі час наша сям’я жыла на пераездзе каля Хомна… Тата памёр 5 мая 2015 года, толькі некалькі дзён не дажыў да 70-годдзя Вялікай Перамогі.

Іван Лявонцьевіч Мароз вельмі шанаваў гэтае свята. У яго быў каронны парадны кіцель з калодкай, які ён з гонарам апранаў у Дзень Перамогі. 9 мая, як на Вялікдзень і Каляды, ён не дазваляў сабе ніякай фізічнай працы. Разам з іншымі ветэранамі ездзіў на ўрачыстыя святкаванні ў Пружаны, Брэст і нават у Мінск.
— Заўсёды вяртаўся са святкаванняў натхнёным, распавядаў, як на трыбуну яго запрашалі, кветкі ўручалі… Як салдацкай кашай частавалі. У свой час па бацькавых аповедах я напісала сачыненне ў школе і нават заняла прызавое месца ў раённым конкурсе, — кажа Галіна Іванаўна.

Да глыбокай старасці ветэран трымаў пчол, пра якіх з любоўю клапаціўся. Сам вырошчваў расаду, дарэчы, навучыўся гэтаму ў свайго цесця. Перажыўшы жонку на 17 гадоў, самастойна падтрымліваў у доме і на двары ўзорны парадак.

— Моцна па маме сумаваў. Яны жылі дружна, любілі прымаць гасцей. На Вялікдзень і на Каляды матуля пякла шмат пірагоў. Яна прыгожа спявала, танцавала, а тата глядзеў на яе з захапленнем. І вельмі ганарыўся тым, што ў адрас мамы гучалі захопленыя воклічы… Як бы мы з сястрой ні клапаціліся пра яго, маму не змаглі яму замяніць… Калі хтосьці з нас чымсьці быў незадаволены, тата казаў: “Не прайшлі вы фронт і не бачылі вайны…”. Ён усе жыццёвыя цяжкасці ўспрымаў як часовыя і не баяўся іх. А на схіле жыцця ўсё часцей заклікаў нас жыць дружна з усімі людзьмі, каб быў мір: для яго гэта была найвялікшая каштоўнасць.

Алена Зялевіч. Фота Кацярыны Масік