Раённыя будні

Яшчэ некалькі гадоў таму ў Аляксандра Аляксандравіча Кійко было зусім іншае жыццё. Галоўнымі кампанентамі яго былі моцнае здароўе і служба ў Следчым камітэце з перспектывай кар’ернага росту. Але лёс вырашыў унесці занадта рэзкія змены ў гэтыя пазіцыі. З-за нечаканай хваробы мужчына быў камісаваны. А гэта значыць, вымушаны быў вучыцца жыць па-іншаму і ў новым амплуа. Балазе, сям’я падтрымала ўсе яго пачынанні.

Мужчына зарэгістраваўся ў якасці рамесніка і, кіруючыся вядомым прынцыпам «прыгажосць выратуе свет», узяў курс на творчасць — пачаў вырабляць скульптурныя кампазіцыі для садовага дызайну.

Сёння работы Сан Саныча ўпрыгожваюць не толькі яго ўласны двор, але і тэрыторыі многіх аграсядзіб і ўстаноў раёна, у прыватнасці, дзіцячых садкоў — Ліноўскага і «Антошка» ў г.Пружаны. Ад кіраўніцтва апошняга, дарэчы, мы і даведаліся пра гэтага майстравітага і таленавітага чалавека. Выявы вядомых мультыплікацыйных і казачных герояў: рыжага хлопчыка Антошкі, а таксама Беласнежкі і сямі гномаў — сёння першымі сустракаюць наведвальнікаў установы і з раніцы настройваюць усіх на пазітыўны лад.

Мы вырашылі завітаць на сядзібу майстра ў Лінове і азнаёміцца з яго творчым працэсам. І адразу каля брамы нас сустрэў металічны ахоўнік-ключнік. А яшчэ тут былі бетонныя міні-волат, воўк з мультфільма «Жыў-быў пёс», дворнік Федзя, шматлікія курачкі, паўліны і слімакі, якія павольна распаўзліся па ўсім двары і дагледжаным кветніку (гэта ўжо вотчына гаспадыні і зусім іншая тэма)…

Сан Саныч правёў у сваю майстэрню ў падвальным памяшканні і паказаў кампазіцыі, над якімі працаваў у той момант, — у вялікае гняздо ён плануе засяліць сям’ю буслоў. Акрамя таго, шматлікія мастацкія эскізы на працоўным стале падказалі, што да выхаду ў вялікі свет рыхтуецца і вожык з яблыкамі.

— Я з дзяцінства любіў і ўмеў маляваць, таму, калі паўстала пытанне аб змене дзейнасці, не раздумваючы, вырашыў заняцца творчасцю. Ідэю падгледзеў у інтэрнэце. У якасці сыравіны выкарыстоўваю тры асноўныя складнікі: цэмент, пясок, ваду. Першапачаткова ствараю з арматуры каркас будучай скульптуры, абліцоўваю яго металічнай сеткай, а затым з дапамогай шпатэля ляплю «цела», — расказвае майстар.

Калі скульптура падсыхае, яе застаецца належным чынам размаляваць. І тут на дапамогу майстру Кійко прыходзіць жонка Іна, якая добра валодае тэхнікай роспісу. 13-гадовы сын Захар з задавальненнем дапамагае бацьку замешваць цэментны раствор і падбіраць фарбы.

З-пад рук працавітага майстра выйшлі не толькі волат, іранічна празваны Алёшам Клаповічам, або той жа Воўк Уладзіміравіч у шыкоўных штанах, але і «вылецелі» дзясяткі лебядзіных сем’яў, «выбегла» некалькі ваўчыных зграй, «выпаўзлі» чарапашкі, «заквакалі» жабы… На свет з’явіліся нават аднавокія «міньёны» і іншыя мульцяшныя героі. У кожнага з іх майстар Кійко ўкладвае душу з надзеяй, што гэтая прыгажосць уратуе ў тым ліку і яго ўласны свет.

Алеся Смайлік. Фота Кацярыны Масік