Апошнія каментары
Flag Counter

Простае шчасце людское. Максім і Марына Вяжбіцкія расказалі пра сваю сям’ю

Раённыя будні

Тэмп жыцця становіцца ўсё больш імклівым, і сучасная жанчына не павінна адставаць ад яго. Але, на думку Марыны Вяжбіцкай, у любыя часы жанчына — гэта, у першую чаргу, любімая і любячая жанчына, жонка і, вядома, шчаслівая мама.

Як знаходзіць час і на будзённыя клопаты, і на работу, і на захапленні і пры гэтым заставацца дружнай і згуртаванай сям’ёй? Сваёй формулай шчасця дзеляцца Марына і Максім Вяжбіцкія.

Марына — з Шарашэва, Максім — з Ялова. Пазнаёміліся маладыя людзі, дзякуючы агульнай сяброўцы. Яшчэ ў юнацкія гады была магчымасць праверыць свае пачуцці на трываласць: спачатку вучыўся Максім (атрымаў прафесію лесніка ў Высокаўскім сельскагаспадарчым каледжы), затым — Марына.

Гаваркая маладая жанчына ўдакладняе:

— Кім хачу стаць, я не магла вырашыць  доўга. Усё — справа выпадку. Я ўдзельнічала ў мастацкай самадзейнасці пры Шарашоўскім ДК, і тагачасны дырэктар установы Генадзь Мікалаевіч Фасевіч параіў паспрабаваць сябе ў гэтай галіне. Так я апынулася ў Гродне, дзе атрымала прафесію акампаніятара, арганізатара культурна-масавай дзейнасці і кіраўніка гуртка.

Успамінаючы пра студэнцкія гады, Марына перш за ўсё робіць акцэнт не на вучобе і прафесіі, з якой, як паказала жыццё, не памылілася, а на тым, як старалася кожныя выхадныя прыехаць дамоў, каб убачыцца з каханым. Маладыя людзі не праміналі  ні адной магчымасці, каб убачыцца, пабыць разам. Закончылася справа вяселлем.

Маладая сям’я некалькі гадоў жыла ў Ялове: адтуль было зручней дабірацца на работу і Марыне, якую назначылі дырэктарам Велікасельскага ДК, і Максіму — у Мокраўскае лясніцтва.

Пару гадоў таму сям’я Вяжбіцкіх пераехала ў Аранчыцы.

— Мы займалі бабуліну хату ў Ялове, але, зразумела, рана ці позна трэба было думаць пра ўласнае жыллё, — расказвае Максім. — Перабіралі розныя варыянты, але ў горад, шчыра кажучы, нам ніколі не хацелася. Аднойчы брат, які са сваёй сям’ёй пераехаў у Аранчыцы, расказаў, што непадалёку прадаецца хатка.

Жыллё было, мякка кажучы, непрывабным, але маладых людзей гэта не палохала: разам Максіму і Марыне былі любыя справы па плячы. Так яны рашыліся на пакупку ўласнага жылля.

Хаця многае ўжо зроблена, сямейнай пары трэба прыкласці яшчэ шмат сіл і сродкаў, каб давесці пачатае да канца.

— На першы час зрабілі невялікі рамонт, а праз два гады ўзялі крэдыт на рэканструкцыю, — расказвае пара. — Старую частку пабудовы паднялі, новую дабудавалі… Практычна ўся чарнавая работа завершана.

Цяпер у доме ёсць амаль усе зручнасці, бытавая тэхніка, санвузел, душавая кабінка, пральная машынка…

— У Максіма залатыя рукі — усё рабіў сам: і хату падымаў, і печкі складваў… — не перастае нахвальваць мужа жонка.

— Матэрыяльныя даброты — гэта, вядома, цудоўна. Але не варта гнацца толькі за імі, — лічаць Вяжбіцкія. — Дзеці растуць, а ў нас іх двое — шасцігадовая Жэнька і «без пяці  мінут» трохгадовая Соня, і хочацца, каб яны, акрамя вечных рамонтаў, бачылі яшчэ і бацькоўскі клопат і ўвагу.

Каб быць шчаслівай сям’ёй, Марына і Максім стараюцца знаходзіць за будзённымі клопатамі час і для агульных забаў, адпачынку.

— Кіламетрах у трох ад нашага дома працякае Мухавец, і мы часта разам з дзецьмі выбіраемся на рэчку: рыбалка — гэта наша агульнае захапленне. Увогуле да прыроды ў нас усіх асаблівая прыхільнасць. Дзеткі могуць не ўключаць мульцікі, бо куды больш ім даспадобы тэлеперадачы, якія транслююцца па канале «Паляванне і рыбалка». Старэйшая дачка, відавочна, як мама, мае творчыя здольнасці: у свае шэсць гадоў ведае амаль усе песні з рэпертуару калектыву, у якім спявае Марына.

Сёлета да Вяжбіцкіх небывалая ўвага: Максім і Марына разам са сваімі дачушкамі сталі пераможцамі раённага этапу сямейнага сельскагаспадарчага праекта «Уладар сяла» і ўдзельнікамі абласнога.

Вяжбіцкія ніколькі не шкадуюць, што апынуліся ў Аранчыцах. Тут для іх знайшлася і работа: Максім працуе  вадзіцелем у мясцовай прыватнай арганізацыі, а Марына выйшла з водпуску па доглядзе дзіцяці на пасаду дырэктара Ліноўскага ДК.

— Дах над галавой ёсць (яго добраўпарадкаванне — справа часу), дзеткі здаровыя. А што яшчэ для шчасця трэба?

Хіба што папаўнення: муж і жонка ўсміхаюцца, што сёлета, адлятаючы ў вырай, над імі зрабілі круг тры бусляняці.

— Магчыма, гэта нейкі знак? А чаму б і не?!

Марына Вакульская. Фота Сяргея Талашкевіча.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Подтвердите, что Вы не бот — выберите человечка с поднятой рукой:

Падпісацца на RSS

Калі ласка, увядзіце email адрас:

Delivered by FeedBurner

Архівы
Ритуальная фурнитура
Музей истории вычислительной техники
Ліноўская СШ
budzima-by
МОВА НАНОВА