АХ.ДЗЕЦІ, ДЗЕЦІ.
Валянціна ДАБРЫНІНА
Раённыя будні. 4 лістапада 2017 г.
Ганна штодня ўглядалася ў акно. Можа, сёння ўжо хто-небудзь з дзяцей з’явіцца? Калі малодшая Ніна была на працы, зяць прывёз сюды, сказаўшы, што тут, у бальніцы, яе падлечаць. Колькі месяцаў прайшло, а ні лекаў, ні ўрача, ні ўколаў… I адказу на пытанні ніхто з сястрычак у белых халатах не дае. Маўчаць. У пакоі, акрамя Ганны, яшчэ пяць старых жанчын, маўклівых, панурых. Ходзяць, нібы цені. Нікога не выглядаюць, нікога не чакаюць…
Нялёгка Ганне на восемдзесят восьмым годзе жыцця тут, не дома. I трэба ж было тады, амаль паўвека таму, кінуць ужо пабудаваную з пушчанскага лесу хату і рынуцца з Пру- жаншчыны ў далёкую дарогу. Цяжанька было пакідаць свой край. А ў вагоне з дзецьмі як? Бы ў лесе з бараною. Тыдні два ехалі ў Калужскі край за лепшым жыццём. Тады ў дарозе і нарадзілася Люда, пятае дзіця. Было шасцёра. Першанькая дзяўчынка на трэці дзень пасля нараджэння памерла. Нехрышчоная, таму і пахавалі пад імем Евы. I замільгалі гады ва ўспамінах, якія зліліся ў адзін бясконцы дзень.
У дваццаць тры гады абвянчалася Ганна са сваім Сцяпанам, таксама з Пружаншчыны. Не аб такім марыла, але паслухалася бацькоў: з твару ваду піць не будзеш, апрані і пень — будзе падабень. 3 беднае сям’і. Яго бацька памёр рана, калі Сцяпану не споўнілася і дзесяці. Ахлопец, і праўда, быў працавіты, добры. У зго- дзе і ў працы пражылі ўсё жыццё. Пабудаваліся, выгадавалі дзяцей, як кажуць, вывелі іх у людзі. Алена пасля заканчэння сельскагаспадарчага інстытута працавала аграномам-агароднікам, Таня з інстытуцкім дыпломам настаўнічала.
Слёзы засцілі вочы, Ганна ражком хусткі выцерла твар. 3 іх усіх адна Таццяна вярнулася на Брэстчыну. Жыве вялікай сям’ёй. Яна ж на радзіме, ёй лягчэй павінна быць… Вось самай старэйшай, Надзеі, нялёгка. Цяжкая праца на нарыхтоўцы лесу ў сібірскія маразы адняла здароўе. Ганна глыбока ўздыхнула. Нібы птушкі, разляцеліся дзеці. Люда з сям’ёй у Іркуцкай вобласці,
Міша, адзіны сын, у Адэсе ля цёплага мора. Пасля сямігодкі выбраў дарогу ў дарослае жыццё, набыў прафесію, ажаніўся, чалавекам стаў. Сабрацца бы ўсім, як раней. Тады дзеці хадзілі дружна ў школу. Хата поўнілася галасамі і радасным смехам. Што цяпер? У іх ва ўсіх часу не хапае: праца, у кожнага сям’я ды і дарога — не блізкі свет. Каля трыццаці гадоў, як Сцяпана няма. Ох, дзеці, дзеці! Пасталелі, ужо сваіх унукаў маюць. Каму цяпер старая маці патрэбна? Якая дапамога ад яе? Праз акно Ганна бачыла маладую зеляніну лесу. Надыдзе час, і ападзе лістота. Ніхто ўвагі звяртаць не будзе на яе завялую прыгажосць, шамаценне пад нагамі. Смецце. Хоць бы каго з дзяцей убачыць… Сухою, напрацаванаю рукою Ганна прыкрыла вусны. I на твары, і ў постаці вылучалася скруха і адзінота.
…Валя ажно ў Маскве. Як прыедзе, калі яна інжынер на вялікім заводзе і адказная за ахову працы людзей? Вярнулася з Парыжа, да дачкі ездзіла. Гэта ж наша са Сцяпанам унучка — балерына ў “Мулен Руж”! Першая пасля прымы балерыны, а скажы каму — не павераць. Няма з кім парадавацца за дзяцей і ўнукаў, няма каму і боль выказаць. Цісне сэрца. А мо, душа баліць? Праляцелі гады, вярнуць бы іх. Бы ў той песні: “Ох, дагнала свае гады на каліновым мосце. Ой, вярніцеся, мае гады, хоць на час у госці…”. Бязгучна ва- рушыліся губы, Ганна ўспамінала маладосць, сябровак, суседзяў. Далёка, ой, як далёка родная вёска! Там і людзі свае. Як будаваў Сцяпан хату, то коньмі і рукамі дапамаглі. Адну і цяпер не пакінулі б… Свая зямля — не чужы край! — і ёсць радзіма. I як бы ты далёка ні знаходзіўся, а карані цягнуць дадому. I душа не збавілася ад нудоты і суму па дарагіх сэрцу мясцінах. Заканчваўся яшчэ адзін дзень чакання.
…Той жа вясной, пасля свята Перамогі, так і не дачакаўшыся родных, Ганна памерла ў доме для састарэлых. Такі ён, лёс чалавека.
Узгадаўся выпадак з дзяцінства. Асеннім вечарам з мамай вярталіся з фермы (мама працавала даяркай у калгасе). Дождж сцёбаў па твары, ледзяны кастрычніцкі вецер пранізваў, як кажуць, да касцей. Ішлі звыклай сцежкай каля хацінкі Юлі. Праз маленькае акенца над самай зямлёй мільгацела святло ад газавай лямпы. Жаласліва плакала дзіця. Унутры жытла агеньчык газнічкі выхапіў непрыбраны невялічкі стол з дошак і ложак з рыззём.
На ім сядзела хлапчаня гадоў васьмі. Убачыўшы людзей, перастала плакаць. Толькі калацілася ці то ад страху, ці то ад холаду. Маму яго ў вёсцы ўсе ведалі як распусную жанчыну. Невысокая, непрывабная, з шырокім ротам на непрыгожым твары, сляпая на левае вока, Юля хадзіла па вёсцы, прыпадаючы на нагу. Блытаныя думкі ў яе хворай галаве нікога не здзіўлялі, толькі пасмейваліся з яе дакучлівага жадання выйсці замуж за мясцовага паважанага чалавека. Ніякіх праблем у яе жыцці не існавала. На той час вяскоўцы нават яе імем не наракалі нованароджаных дзяўчынак. Каб не прапала бедалага, людзі дапамагалі, чым маглі. I на гэты раз Юля недзе затрымалася, вандруючы па сяле. Хлопчык згадзіўся пайсці з намі. Павесялеў, гаваркім стаў. Мурзатага Ваньку, так звалі яго, абмылі, накармілі, спаць паклалі. “То, можа, Ванька, я мамай тваёй буду?” — спытала мая матуля. У адказ пачула рашучае: “Мая мама лепшая!”
Ванька і яго старэйшы брат Жэня выраслі ў дзіцячым доме, знайшлі дарогу ў жыцці. На вясковых могілках на магіле Юлі ўзведзены помнік маці ад удзячных сыноў, за тое што дала ім жыццё. На ўдалым фотаздымку — прывабная вясёлая жанчына. Нават з цяжкасцю пазнаеш Юлю, якую яшчэ памятаюць у вёсцы.