Васіль Фёдаравіч Макарчук
Нарадзіўся 31.03. 1959г. у в. Варотнае Пружанскага раёна. Скончыў Ліноўскую сярэднюю школу. Паступіў у Барысаўскі палітэхнікум, які скончыў ужо пасля службы ў Арміі. Затым скончыў завочнае аддзяленне Брэсцкага педагагічнага універсітэта імя А.С. Пушкіна па спецыяльнасці настаўнік біялогіі. Больш 20-ці гадоў працуе кіраўніком гуртка ў Пружанскім цэнтры дзіцячай творчасці. Жыве ў вёсцы Лінова. Жанаты, мае дачку Ірыну, якая вучыцца ў Ліноўскай сярэдняй школе.
Зборнік вершаў “Імпрэсіі”
Прысвячаю маёй дачушцы і жонцы, светлая памяці матулі Клаўдзіі Адамаўны Карпызы з Навадворцаў і бацькі Фёдара Пятровіча Макарчука з Варотнага, а таксама светлай памяці першай настаўніцы Людмілы Іванаўны Дубовік з Аранчыц.
Свой зборнік вершаў я назваў “Імпрэсіі”, што ў перакладзе з французскай мовы азначае “уражанні”. Уражанні ад нашага “паласата-зебравага жыцця”, дзе разам ужываюцца дабрыня і подласць, знявага і спагада, добрыя людзі і зласліўцы, чорныя і белыя поласы на дарозе жыцця… Маё шчырае жаданне, каб гэтых чорных полас было менш, чым белых. Хацелася б спакою і ў душы, і ў прыродзе. Аднак лёс з неймавернай паслядоўнасцю тчэ то белую нітку жыцця, то нечакана зноў уплятае чорную. Вось гэтыя жаданні і думкі складаюць асноўную сутнасць маіх вершаў. Не ўсе яны аптымістычныя, але ў кожным з іх мая душа, мая думка, маё жыццёвае крэда.
Хацелася б пажадаць маім чытачам большага аптымізму, чым у маіх вершах, Божай дапамогі ў справах і памкненнях.
Буду шчыра ўзрадаваны, калі мае вершы абудзяць вашу думку, заставяць паразважаць над жыццём і сваімі ўчынкамі, выклічуць жаданне аставіць добры след на Зямлі, зямлі Радзімы.
Васіль Макарчук