Рэчыц Віктар Трафімавіч

Матэрыял для публікацыі прадастаўлены Ліноўскай сельскай бібліятэкай


Аўтабіяграфія

recih

Каб займацца нейкай карыснай справай, найперш мне трэба было паявіцца на свет. I гэта я зрабіў, як сцвярджаюць родзічы і старэйшыя землякі, 30 студзеня 1947 года ў вёсцы Альшаны, на Пружаншчыне.

Вёска – гэта сад, агарод, свойская жыўнасць… Як мог, дапамагаў бацькам па хатняй гаспадарцы. I не толькі. Бацька быў цесляром, стаўляў хаты, у тым ліку сваю, рабіў колы да вазоў. Я прыводзіў у рух ім жа змайстраваны спецыяльны станок. Але мне не перадаліся бацькавы здольнасці. Я пайшоў сваёй дарогай.

У час летніх канікулаў, як і другія дзеці, пасвіў кароў, коз. Летні дзень – вялікі. Калупаўся ў высокім насыпе на палігоне, дзе жывёла знаходзіла корм, майстраваў ветрачкі. Час як бы ішоў хутчэй. А то ўзяў з сабой аўтаручку і паперу і пачаў рыфмаваць словы. Вестка пра мой новы, не зусім звычайны занятак нейкім чынам дайшла да майго швагра. “А ты ў рэдакцыю верш пашлі, то яшчэ ганарар атрымаеш,” – параіў ён. Адкуль просты вясковы жыхар ведаў пра існаванне і выплату ганарару – загадка. Я паслухаўся швагра, даслаў у рэдакцыю пружанскай раённай газеты “Зара камунізму” нешта сатырычнае пра непарадкі ў нашай хаце-чытальні. Мой твор надрукавалі, што мяне моцна ўзрадавала. То была для мяне падзея, і яна стала паваротнай у маім жыцці-

Я вырашыў стаць журналістам і з таго часу пачаў рыхтаваць сябе да газетнай працы. Наладжваў сувязі з рэдакцыямі газет, у першую чаргу – раённай. У Брэсцкі дзяржаўны педінстытут паступіў пасля сканчэння Ліноўскай сярэдняй школы не толькі таму, што ад Аранчыц Брэст бліжэй, чым Мінск, што бацькава датацыя зможа быць меншай. Журналіст, літаратар, лічыў я, павінен добра ведаць мову, а такія веды гатоў даць філалагічны факультэт.

На першым курсе я быў намеснікам рэдактара факультэцкай насценгазеты, а на другім – ужо рэдактарам. У пачатку 1967 года прыехалі з Івацэвіцкага райкама партыі і вельмі лёгка завербавалі мяне ў рэдакцыю раённай газеты “Кастрычнік”. Праца, аб якой марыў і да якой ішоў, сама знайшла мяне. Пазней раённая ўлада настойліва прапаноўвала мне пайсці ў камсамол – а быў я камсамольскім актывістам: пазаштатным сакратаром райкама камсамола, начальнікам раённага штаба “Камсамольскага пражэктара”, – але я не паддаўся на ўгаворы, застаўся верны абранай прафесіі, адпрацаваў у “Кастрычніку” – “Івацэвіцкім весніку” ледзь не чатыры дзесяцігоддзі. I цяпер, калі мяне пытаюць аб пачатку журналісцкай і літаратурнай творчасці, я адказваю, што ёсць тут элементы выпадковасці і заканамернасці. Невядома, як склаўся б далейшы лёс, калі б не шваграва парада. Але швагру не давялося б радзіць, калі б я не пачаў пісаць вершы.

Працуючы ў рэдакцыі, прыглядаўся да калег, паступова вывучаў жыццё, што вельмі важна для творчага чалавека. Паявілася магчымасць друкавацца на месцы. Газетчыкам быў не апошнім – узнагароджаны ленінскім юбілейным медалём, праз пэўны час – знакам пераможцы ў сацыялістычным спаборніцтве. Уваходзіў у склад праўлення рэспубліканскай арганізацыі Саюза журналістаў, выязджаў на пасяджэнні, што дазваляла пашыраць кругагляд, папаўняць запас ведаў, набірацца вопыту.

Пры рэдакцыі райгазеты разам з іншымі супрацоўнікамі стварыў літаратурнае аб’яднанне “Узлёт”, рыхтаваў выпускі, якімі цікавіліся не толькі настаўнікі і вучні, але і іншыя катэгорыі чытачоў. Мы, аўтары, выступалі перад гледачамі на раённых мерапрыемствах, у школах, у прафтэхвучылішчы. Часта прыгадваю, як браў удзел у рэспубліканскім семінары навуковай і творчай моладзі ў Светлагорску, а таксама ў семінары сатырыкаў і гумарыстаў у Магілёве, дзе перад намі выступаў у ліку іншых супрацоўнік вядомага ўсім “Крокодила”. На жаль, падобныя мерапрыемствы цяпер праводзяцца надзвычай рэдка.

Спраўдзілася мая мара: мае вершы, байкі, гумарэскі час ад часу змяшчаў на сваіх старонках часопіс “Вожык” – раней галоўнае і, лічы, адзінае выданне сатыры і гумару рэспублікі. Друкаваўся ў газетах “Літаратура і мастацтва”, “Чырвоная змена”, “Сельская газета” – “Белорусская нива”. Апошняя, дарэчы, віншавала мяне з 50-гадовым юбілеем. Тое ж самае рабіла хораша Беларускае радыё. За гэта ім вельмі ўдзячны. Мне давялося двойчы выступіць на абласным тэлебачанні, калі там працаваў Міхась Рудкоўскі. Не абыходзіла ўвагай абласное радыё.

Чым далей, тым большым станавілася жаданне выпусціць сваю кніжку. Спадзяваўся, што выйдзе такая ў бібліятэцы “Вожыка”. Яраслаў Пархута, харошы чалавек і цікавы пісьменнік, тагачасны супрацоўнік часопіса, казаў мне: “Віктар, не абавязкова, каб усе твае вершы і байкі прайшлі праз “Вожык”. Выдавай кніжку”. Але, як кажуць, не хапала духу. Збіраўся паказаць напісанае Уладзіміру Калесніку, але так і не паспеў зрабіць гэта. Першая кніжка, “Залаты тавар”, выйшла ў свет у Брэсце ў 1998 годзе, другая, “Свой метад”, – там жа ў 2004 годзе. Абедзве паэтычныя. Падрыхтавана да друку камбінаваная – “Далей ад граху”, у якую ўвойдуць як паэтычныя, так і празаічныя сатырычныя і гумарыстычныя творы. Напэўна, не ўсім байкам стае арыгінальнасці, але ж трэба ўлічыць, што напісаны яны на мясцовым матэрыяле, што жыццёвыя сітуацыі могуць паўтарацца. Не згодзен з тымі цаніцелямі творчасці, якія лічаць, што ўжо само ўжыванне слова “калгас” сведчыць пра старасць тэматыкі. У сапраўднасці гэта сведчыць аб павярхоўнасці падыходу да ацэнкі творчасці. Галоўнае тут – што ці каго высмейвае аўтар. А носьбітаў нават ранейшых заган і цяпер хоць адбаўляй. Так што сатырыку-гумарысту ёсць над чым працаваць.

Калі табе 60, пара гаварыць аб тым, што зроблена і не зроблена ў жыцці. 3 жонкай Валянцінай выгадаваў дваіх дзяцей. I ў Святланы, і ў Сяргея – вышэйшая адукацыя. Дачка жыве ў Кіеве, сын – у Івацэвічах. Маю двух унукаў і ўнучку. Дрэва пасадзіў. А вось дом, як бацька, не пабудаваў. Вядома, кніжка дом не заменіць, але як нейкую кампенсацыю яе ўсё ж такі, думаю, можна разглядаць. Дазволіць здароўе – выдам яшчэ хаця б адзін зборнік сатыры і гумару. Хай смех дапамагае здароўю. Не толькі майму.


sm1  sm2 sv1 sv2 dg1 dg2


r1

З дачкой Святланай і ўнукам Кірылам


r-k

З паэтам Казімірам Камейшам (г. Мінск)


r-v

З Юліяй Зарэцкай, рэдактарам “Вожыка” (г. Мінск)


tv-pr