Паэт-філосаф Мікола Папека
Матэрыял для публікацыі прадастаўлены Ліноўскай сельскай бібліятэкай
Радасць мая і мой смутак
яшчэ
ня высьпелы
верш…
Мікола Папека нарадзіўся 28.12.1961 г. у в. Турная Івацэвіцкага раёна. У 1979г. закончыў Аляхновіцкую сярэднюю школу (Маладзечненскі раён), у 1981-м – Смілавіцкі саўгас-тэхнікум. 3 1981 па 1986 гг. – студэнт Украінскай сельскагаспадарчай акадэміі. 3 1986 г. жыве ў в. Лінава Пружанскага раёна. Працаваў пчаляром у тутэйшым лясніцтве, цяпер – на ўласнай гаспадарцы. Піша вершы са школьных гадоў. Друкаваўся ў часопісе “Крыніца”, штотыднёвіку “Літаратура і мастацтва”, у абласной і раённай перыёдыцы.
Вельмі часта ў ягоны адрас гучаць эпітэты “неадназначны”, “арыгінальны”, Мікола Купрэеў назваў яго “парадаксальным” чалавекам. У чым жа арыгінальнасць Міколы Папека?
Падразумяваецца, калі пісьменнік, паэт — значыць інтэлігент. Пісьменнікі і паэты часцей за ўсё прафесійна людзі інтэлектуальнай працы: настаўнікі, журналісты, літаратура- знаўцы – адным словам, людзі, якія маюць дачыненне да літаратуры. Мікола Папека таксама паэт, але зарабляе сабе на хлеб іншым спосабам. Ён перш за ўсё гаспадар, працуе на зямлі. Прафесіяй сваёй абраў пчалярства і назаўсёды паяднаўся з правінцыяй. У вёсцы Лінава хату Папекаў вам пакажа любы жыхар. Папека не баіцца працаваць — сваімі рукамі пабудаваў дом, у гаспадарцы мае трактарт, аўтамашыну, каня і паўгектара зямлі, а гэта значыць: свая бульба, сваё збожжа, свая пасека. Але гэта не перашкаджае яму добра ведаць мастацкую літаратуру, філасофію і гісторыю.
Але адкуль жа такая цяга да зямлі? Мікола нарадзіўся ў глыбіннай палескай вёсцы Турная Івацэвіцкага раёна. Вось што ён успамінае: “У той час гэта былі яшчэ мясціны, некранутыя нажом цывілізацыі. Пазнейшае асушэнне пазбаўляе магчымасці жыць. Мне ж яшчэ пашанцавала любавацца некранутымі краявідамі, зведаць на сваёй скуры генетычна несапсаваную паўднёвымі пчоламі баравую пчалу ды смакаваць ёю прынесены мёд. Пчаляром быў мой дзед па маці Каланчук Сямён. Хаця дзеда амаль што не памятаю, але расказы пра яго зрабілі на мяне значны ўплыў. Пасля смерці дзеда пчалярствам займалася ягоная жонка, мая бабуля, якая жыла ў вёсцы Святая Воля.
(…) Калі паўстала пытанне, чым займацца, куды пайсці вычыцца, выбар паў на Смілавіцкі зааветэрынарны тэхнікум, (…), тады там яшчэ была вельмі паважная пчаліная школа. Затым была Украінская Сельскагаспадарчая Акадэмія. 3 1994 на вольных хлябах, жыву з пчалярства. Займаюся вандроўным пчалярствам.”
Здаецца, калі б не ведаў, што Мікола Папека пчаляр, то здагадаўся б па ягоных вершах: вельмі ж часта ў іх фігуруе вобраз пчалы. А пчала – прататып чалавека працы, нястомнай руплівасці. Паэт і параўноўвае сябе ў беларускім літаратурным асяродку з “адзінокай дзікай пчалой каля клеткі пчалінага вулля”. Кожны раз, калі з’яўляюцца прошаныя ці няпрошаньм госці, Мікола пачынае з пачастунку, вядома ж, мёдам. Яго смакавалі не толькі сябры, але і многія творчыя людзі Беларусі: паэты, мастакі, вядомыя журналісты.
Але гасцей вабіць не толькі пачастунак. Мікола стварае- збірае свой хатні музей сялянскай побытавай культуры. “Збіраю тое, што не патрэбна людзям… Цікава ведаць мінуўшчыну. Многа корпаюся ў кнігах. Гэта ўсё жывіць розум.” Тут старыя карціны, абразы, посуд, розныя археалагічныя знаходкі: зуб акулы, якая калісь вадзілася ў нашых рэках, акамянелая ракавіна, старое-старое піяніна.
3 2001 года паэт-пчаляр заснаваў мядовую прэмію, якая так і называецца — Мядовая літаратурная прэмія Міколы Папекі. Гэтую арыгінальную прэмію пісьменнікі не без усмешкі называюць “салодкай”.
Мікола Папека і сам быў узнагароджаны Літаратурнай прэміяй Таварыства вольных літаратараў за зборнік вершаў “Чарнавікі”. Гэта адбылося ў 1999 годзе, ён атрымаў статуэтку глінянага Вялеса. Гэты зборнік быў выдадзены выключна дзякуючы самому аўтару — за свае сродкі. Паэт, у сваю чаргу, дзякаваў сваім двукрылым спонсарам.
У Міколы Папекі вельмі адметная манера пісьма. Аднойчы ён выказаўся, што галоўнае ў вершы – філасофска думка, ідэя. I таму ягоныя вершы, па выразу Міколы Купрэева, “не церпяць гладкапісу, закругленасці”:
О хмары, —
з-за мора замораныя,
з мора размораныя. ..
Замараныя
сьветлыя мары аблокаў.
О цені – цьмяная сутнасьць,
уцялесненая адсутнасьць промняў.
Ну, вось — такая ў яго манера пісьма: гэта ідзе ад унутранага. Паэзія Міколы Папекі заўсёды філасафічная, заглыбленая і метафарычная. Патрабуе шмат часу на асэнсоўванне.
Аб чым жа піша паэт Мікола Папека ?
Тэму кахання, здаецца, не абмінае ніводзін паэт. У творчасці многіх яна дамінуе. Але не ў творчасці Міколы Папекі. Жанчына, увогуле, рэдкая госця ягоных вершаў. Такіх вершаў у Міколы Папекі няшмат, але ёсць сярод іх сапраўды выдатны – “Пяць грацый з аднаго ручая”
Дзяўчыны
павабны стан
у сукенцы ў абліпку,
чорныя лакіраваныя чаравічкі
на тоненькіх шпільках, –
далікатны, густоўны бакал
з тонкай таліяй.
Я з яго і зараз піў бы
Ігрыстае шампанскае…
Кабеты
роўная постаць
у раскошнай апратцы –
кроў з малаком.
Фужэр крышталёвы перада мною,
водар алою.
Я ў яго ставіў бы
красак букеты –
з руж і шыпшыны.
Бабы
рыхлае лагоднае цела
расьпірае адзежы…
Як лета,
пышны бохан хлеба,
збан з жабаю ў малацэ…
Бутля з вішнёвай настойкай
у акне.
Бабулькі
парэпаная скура, –
як зямля…
Са скарыначкі хлеба сухар.
Скрыня старая, якая
бачыла-перабачыла,
чула-перачула…
Я ў яе склаў бы
срэбра, золата, медзь,
каб зразумець
марнасьць штучных прыўкрас.
Дзяўчынка –
чыстая бестурботнасьць,
лёгкая, як матылёк.
Бегае, штосьці ляпеча,
як сьвежы ручай веснавы
сярод халоднага сьнегу.
I формы ў яе няма,
яна – яшчэ жывы гук, –
краска жыцьця,
схаваная ў пупаху росту.
Працуючы на зямлі, праводзячы на прыродзе шмат часу з пчоламі, ён улюбёны ў сваю зямлю, у свой край, у хараство прыроды. I гэта добра прагледжваецца ў ягоных вершах. Вось словамі намаляваны пейзаж, вобраз жывой прыроды:
Пчальнік ля Шэйпіцкай гары
Выплакаліся хмараў шэрыя павалокі,
расступілася векамі шчыльных аблокаў
яснае сонейка, сыпле зыркі вокам.
Прайшла навальніца зусім недалёка.
У медзяністых грэчак,
у расяністых траваў
вецер выцірае вымытыя твары.
Ярая пчаліна паляцела ў поле,
зранку абтрапала крыльлем навакольле, –
валачэ ў вулей мядку поўнае вольле.
Пасылае сонейка бліскучыя зыркі,
нараджае фарбаў, гукаў рытмы…
…Адкуль наляцела зьнячэўку, скрытна
ня ўхваленая лысым сапляшнікам рыфма?
Альбо вось як паэт апісвае квецень садоў
Прамяніста,
урачыста,
чыста
цьвітуць вішні,
слівы, яблыні, грушы…
Бязьмежнае, суцэльнае, частае
мора белай квецені.
Тут і пчала
добраю госцяю шастае. ..
Вось і адкрасавалі
белыя воблакі –
асыпаюцца сьнягамі.
Гэта пейзажныя замалёўкі апісальнага характару. Але вершы Міколы Папекі перш за ўсё філасафічныя. I ў такіх вершах ён вельмі часта выкарыстоўвае прыёмы апісання і параўнання (што назіралася ў вершы “Пяць грацый”), ён апісвае нейкія з’явы, падзеі альбо факты, параўноўвае іх і скіроўвае да нейкай думкі.
У “Баладзе аб ласіным балоце” выкарыстаны названыя прыёмы. У гэтым вершы Мікола Папека параўноўвае людзей- паляўнічых з першабытнымі:
Вясной, дачакаўшыся ночы
на Ласіным балоце,
сабака па сьледзе ідзе.
А на вышцы, што стаіць
на прасецы квартальнай,
ці так недзе ў схове
пацее ў чаканьні здабычы
паляўнічы –
чалавек першабытнай культуры.
Узброены жалезнымі зубамі,
узіраецца пустымі зрэнкамі
ў шкляныя вочы
начнога бачаньня…
…Брэша сабака, чуецца стрэл,
вохкі выдых ласіхі
ў жываце з двума
так і не народжанымі ласянятамі.
Маўчаньне…
кінута скура ў багно,
рог кліча сабаку,
вуркоча машына.
Людзі першабытнай культуры
“робяць ногі”
У XXI стагодзьдзе…
Аўтар узнімае праблему духоўнай дасканаласці сучаснага чалавека. Папека – чалавек, які жыве на зямлі і жыве зямлёю, у шырокім сэнсе гэтага слова. Зямля – як маленькі куток, як краіна, яе прырода. Гэта і продкі, з якімі ірвецца сувязь людзей, звычаі і побыт. А ён імкнецца вярнуцца да гэтых вытокаў. Як прыклад, верш:
Успамін у белай кашулі
Мой прадзед
меў звычай казаць:
добры дзень, поле,
добры дзень, статак,
добры дзень…
Слухай, поле, песню,
слухай і лес,
як песня-харал
ляціць да нябес…
Вось я іду
па калгасным полі,
а ня чую песні,
мовы роднай ня чую…
Дабранач, поле,
Дабранач, авечкі,
дабранач, дзеткі,
меў звычай казаць
мой прадзед.
Як працяг тэмы – верш
Пчала і чалавек
Так вялося стогодзьдзямі:
побач
пчала і чалавек,
і ўдосталь было
мёду і воску,
сьвечак Богу,
а людзям пітва.
Ды сталася неверагоднае стагодзьдзем
Уранавага яблыка –
зьмялела мёду джарэла.
I цяпер невыгоднае
жыццё,
ды зайздрасна-карысьлівая
сьмерць.
I канае пчала працавітая,
а ў ей чалавек.
Вершы ў Міколы Папекі злабадзённыя – бо чалавеку баліць. Без пераболылвання многія з іх можна аднесці да твораў грамадзянскага гучання. Дык чаму ж цяпер “невыгоднае жыццё, ды зайздрасна-карыслівая смерць”? На гэтае пытанне адкажа верш:
Вясковы краявід з індустрыяй
Стаяць навокал велізарныя ёмістасьці,
пафарбаваныя сталёваю фарбаю,
сельгасхімія стаіць
на месцы яшчэ недасушанага балота,
каровы стаяць у хлявах і равуць,
напоеныя атрутнай вадою,
чалавек стаіць над вадою тою
ля жоўтага чоўна маладзіка,
у якім не даплыць яму
да гаючых дуброваў,
да цёхкання салаўёў і кування зязюляў,
да паветра,
настоенага на мёдзе і малацэ, —
усё цяпер у велізарных ёмістасцях,
пафарбаваных сталёваю фарбаю,
пад сталёвымі воблакамі на небасхіле.
I далей тыя ж роспач і туга прарываюцца ў вершы “Чорны бусел“:
Чорны бусел,
чорны бусел-белагруд,
памажы ты Беларусі,
будзь жа тут,
дзе даўно ўжо
жоўталотаць не расце,
белы бусел
не клякоча на страсе.
Чорны бусел,
чорны бусел-белагруд,
табе лётаць
над балотам
не дадуць.
Тут рачулачкі і рэкі
ў кайданах,
і зямля пяском зьмяіцца
на вятрах
Чорны бусел,
чорны бусел-белагруд…
I не дзіва, што столькі горычы ў вершах чалавека, які некалі сказаў: “Я на калені падаю перад табою, духмяная сунічка”. Жыхар в. Лінова, афіцэр Генадзь Грышын, які таксама піша вершы, назваў неяк Міколу Папека бунтаром. Але бунтарства гэта ў добрым сэнсе гэтага слова, у першую чаргу – бунтарства супраць раўнадушша і абыякавасці.
Нешта я апатурыў; гляджу з абурэннем,
як народа душа зарасла жабурэннем.
Партызанам пайду
на забытыя бацькавы гоні,
дзе скубуць палыны бязгубыя
калгасныя коні.
Новых вершаў паэта ў перыядычным друку не так шмат. Іншым разам дасылае іх у прэстыжны рэспубліканскі штотыднёвік “Літаратура і мастацтва” і мясцовую газету “Раённыя будні”. Ды і наогул паэтам Мікола Папека сябе не лічыць, хутчэй адчувае сябе філосафам. Пасля выхаду ў друк зборніка “Чарнавікі”, ён пісаў ў лісце Леаніду Галубовічу: “Ввршы забіраюць усяго і, разам з тым, – шмат карыснага часу, але з гэтым я пагадзіўся, іўсё ж кажу сабе: зраблю адзін зборнічак і на гэтым усё, бо я ніколі не пачуваў сябе паэтам, а толькі філосафам… Пасля вершаў буду дурыць галаву сабе чым іншым… Маю намер заняцца жывапісам, хоць добра ведаю, штомаляваць неумею..”
Вось адзін з апошніх вершаў паэта,
Нам абяцалі рай
Біблія і “Капітал”.
“Капітал” сыйшоў на аўрал,
але
нямала дроў наламаў.
А з нябеснага раю
сонца вясёлкаю грае,
схуднелых буслоў сустракае, –
з вы-раю.
Як хораша тут, на зямлі,
на прэлай вясенняй зямлі.
У лёгкіх хмурынках-аблоках
знаходжу вачам спакой.
Крумкач кракае ў верхавіне,
жабы крумкаюць у лугавіне,
пчала на свечках лазы
шчыруе…
Хіба прамяняеш на
вы-рай
зямлю такую?
Раённыя будні. – 2003. – 2 кастр. – С. 11
3 гэтага невялічкага падарожжа па вершах Міколы Папекі склаладваецца ўяўленне не толькі аб творчасці паэта. Перад намі паўстае Асоба, чалавек, які любіць сваю Радзіму і жыве клопатам аб ёй. Без гучных слоў, ён мацуе яе шчырай працай на Зямлі-карміцельцы, ідучы па ёй упэўненым крокам закла- почанага, шчаслівага чалавека.
ЛІТАРАТУРА:
- Аксёнін С. Мядовай прэміяй паэт-пчаляр “падсалоджвае” творчасць берасцейскіх літаратараў // Заря. – 2002. – 17 октября.
- Ганчук А. Пах верасовага мёду // Брестскнй курьер. – 2001, – №48.-с.8.
- Галубовіч Л. Мёд цячэ ў Шчару // ЛіМ. – 2000. – №21.
- Папека М. Вершы // Раённыя будні. 2003. – 2 кастрычніка. – с.11.
- Папека М. Чарнавікі: паэзія. – Брэст, 1999. – 90с.
Жыццёвыя вехі паэта Папекі
Хто не знае Міколу Папеку? Міколу Папеку знаюць усе. У двух словах яго можна ахарактарызаваць «паэт-пчаляр». Але ж калі кінуцца ў дэталі, паўстае значна больш шматгранная асоба. Пчаляр Папека дыпламаваны – з вышэйшай адукацыяй. На пасеку пачаў хадзіць з таго самага часу, як устаў на ногі, а сур´ёзна заняўся пчоламі ў падлеткавым узросце. Потым – тэхнікум і Кіеўская акадэмія… Сёння Мікола Папека жыве ў вёсцы Лінова (станцыя Аранчыцы ў накірунку Мінска) з жонкай-настаўніцай. Добрай традыцыяй стала заснаваная Папекам літаратурная “Мядовая прэмія”, узнагародай з´яўляецца пуд мёду. У ёй няма пераможцаў: штогод галоўную ўзнагароду пісьменнікі атрымліваюць не за выключныя заслугі, а проста па чарзе. У снежні Папеку споўнілася палова веку. Разам з пісьменнікам, краязнаўцам, пчаляром і аматарам беларускай мовы мы паспрабавалі зрабіць кароценькія падсумаванні пражытага.
– Я не чытаю пра сябе інтэрв´ю! – папярэджвае Мікола. – Так што пішыце, што хочаце.
Першыя вершаваныя нататкі Мікалай зрабіў, калі быў зусім яшчэ юнаком. Тады ў жыцці Папекі адбыўся першы значны віраж – сям´я пераехала ад родных мясцін Івацэвіцкага раёна на Маладзечаншчыну. Тут вясковы хлопец размаўляў на сакавітай паляшуцкай мове, а на новым месцы жыхарства апынуўся ў асяроддзі, дзе ўсе размаўлялі выключна на літаратурнай мове. З яго гутаркі кпілі і дзеці, і выкладчыкі. Але Міколу гэта не моцна турбавала – на малой радзіме ён таксама заўсёды заставаўся ў баку ад калектыву:
– Я вельмі любіў прыроду, – успамінае Мікалай. – А ў новую школу прыходзілася хадзіць за чатыры кіламетры. Ідзеш, назіраеш за снегам, бярозамі, горачкамі… Так само па сабе і пачало пісацца. Тады я пісаў вельмі шмат, але ўсе тагачасныя вершы сёння страчаныя.
Той сшытак згубіўся ў час навучання ў тэхнікуме. Сёння ўжо так не пішацца – Міколу больш займае перакладчыцкая дзейнасць:
– Спрабую перакладаць з розных моваў. З польскай – Крашэўскага, з украінскай – сучасных пісьменнікаў. Нават з французскай, якую не вывучаў. Карыстаюся слоўнікамі, спрабую ўхапіць сутнасць.
Амаль усё сваё жыццё Мікола Папека размаўляе выключна на беларускай мове. Але ж быў кароценькі перыяд, калі матчына слова знікла з моўнага асяроддзя маладога яшчэ чалавека. Гэта здарылася, калі ён вучыўся ў аграрным тэхнікуме. Сёння Папека кажа – такая рэакцыя непадрыхтаванага арганізма (а між словамі чытаецца – сарамлівасць вясковага хлопца). За тры месяцы навучання ён забыў тую мову, на якой ішло выкладанне ў роднай школе. Вяртанне да вытокаў адбылося толькі ў Кіеве, дзе Мікола атрымліваў вышэйшую адукацыю:
– Мне пашчасціла: я неяк адразу апынуўся ў свядомым украінскім асяроддзі. У хуткім часе авалодаў украінскай мовай, а потым сябры папрасілі мяне паразмаўляць па-беларуску. І яны зразумелі, што ўкраінская мова падобна да нашай. А я ўсвядоміў, што ёсць такая небяспека – страціць мову. І пачаў свядома яе вяртаць у сваё жыццё. Так што шлях гэты быў няпросты. У сваю чаргу, я вельмі ўдзячны лёсу, што пасля тэхнікума мяне не ўзялі вучыцца ў Горкі, дзе я б не сустрэў тых, хто дапамог мне вярнуцца да вытокаў. Беларуская мова існавала, існуе і будзе існаваць. Ёсць нават такое меркаванне, што сёння яна перажывае сваё маленства, і, калі паспрыяць яе развіццю, расквітнее з новай сілай.
Але ж ёсць і іншыя разважанні. Сёння беларускай мовай карыстаецца ўсё менш і менш людзей. Для большасці школьнікаў яна вывучаецца як яшчэ адна замежная. Чаму ж так здарылася? На гэта пытанне адказвае Папека-краязнавец: у беларусаў ёсць шмат дакументальных пацвярджэнняў, што беларуская мова існавала. Гэта і рукапісы, і сведчанні судовых спраў, і адзін з самых выдатных помнікаў – Статут ВКЛ. Вядома, у гэтых выданнях не зусім тая мова, на якой размаўлялі простыя людзі. Але ж гэта былі словы, якія адрозніваліся ад суседніх гаворак.
– Але ўся бяда ў тым, што нешта зрушылася і не спрацаваў ген самаабароны. Чаму беларуская шляхта, якая супраціўлялася паланізацыі, усё ж паддалася ўплыву Польшчы? Я бачу ў гэтым працэсе асобую ролю каталіцызму таго часу. Шляхта пераходзіла ў каталіцызм, пачынала размаўляць па-польску, намагаючыся тым самым аддзяліцца ад тых, кім яна кіравала. Пэўна, для іх было дзівам, што на польскай мове размаўляюць не толькі паны. Пасля падзелаў Рэчы Паспалітай нам пачала шкодзіць Расія. Вось так і здарылася, што беларускую мову выціскалі з ужывання. Толькі ў пачатку ХХ стагоддзя ў нас з´явілася прышчэпка, што дазволіла развіцца і Таварыству беларускіх школ, і Таварыству беларускай мовы і адраджэнскаму руху цалкам.
У некаторых выпадках Мікола Папека напамінае Дон Кіхота, які змагаўся з млынамі. Але ж і ў гэтай барацьбе ёсць своеасаблівы сэнс. Ён выказвае спрэчныя меркаванні, з якімі не заўсёды пагаджаецца афіцыйная думка. Так, увосень краязнавец падняў многа шуму наконт таго, што ў вёсцы Доўгае зруйнавалі капліцу Крашэўскіх. Праз гэта ён сапсаваў адносіны ў Пружанах з усімі, хто мае дачыненне да культуры. Але ж пусціць справу на самацёк намеру не мае:
– Я буду змагацца да той пары, пакуль не адновяць усё, што сапсавалі.
Такі вось ён – сучасны беларускі Дон Кіхот.
МЁД ПАЭЗІІ
Пасля заканчэння Украінскай с/г акадэміі Мікола Папека вярнўся на радзіму і заняўся пчалярствам. Неўзабаве пчальнік Папекі вырас да сотні калод, і ў гаспадара было многа мёду і клопату, але аднойчы Мікола напісаў верш і трапіў пад чары паэзіі – адчуў яе асалоду. І чым больш уцягваўся Папека ў вершаскладанне, тым меней насілі ў вуллі пчолы мёду. Вершы пачалі друкаваць, а затым папека выпусціў невялікую кніжачку сваіх твораў. Але паэзіяй сям’ю непракорміш, ды і славы недачакаешся. І зноў жыццё Міколы стала гарманічным. Ён клапоціцца аб пчолах і піша вершы, а зімой пакуль пчальнік затаіўся пад снегам, шукае ў Інтэрнеце нешта новае пра пчалярства і паэзію.
Сымон Свістуновіч 8(234) 7-26-02 “Звязда” 23 сакавіка 2002 года.
Мядовая-пудовая прэмія Міколы Папекі
Пчаляр i паэт з Пружаншчыны (“Брэсцкі Кур’ер” пра Мікалая ужо пісаў) усталяваў абласную штогадовую творчую прэмію ў галіне мастацкай літаратуры. Вядром мёду будзе заахвочвацца аўтар лепшага апублікаванага твора ці кнігі.
Ідэя ўзнікла не выпадкова. Сам, паэт з’яўляецца ўладальнікам прэміі Таварыства вольных літаратараў за 1999 год — у Полацку яму ўручаны гліняны Вялес, якім у свой час адзначалася творчасць У.Арлова, А.Разанава і іншых вядомых майстроў слова. У сувяі з тым, што абласное аддзяленне Беларускага ‘фонду культуры селета не будзе праводзіць фестываль творчай інтэлігенцыі “Берасцейскія зоркі” і вызначаць па выніках мінулага года лепшых людзей вобласці, Мікола Папека вырашыў такім чынам кампенсаваць нястачу
прэміі для пісьменнікаў.Дарэчы, першым яе атрымаў за грамадскую працу і ўсувязм з 50-гадовым юбмлеем сакратар абласнога аддзялення Саюза беларускмх пмсьменнмкаў, паэт, лаурэат літаратурнай прэміі імя А.Куляшова Алесь Каско у час творчай справаздачы літаратараў Берасцейшчыны перад чытачамі i прэсай напярэдадні Новага года.
Аляксей ГАНЧУК “Брэстский курер” №3(568) январь 2002 г.
ЖЫРЫНДОЎЛЯ №5 2013 Мікола Папека “Зубр на пячатках Брэста”