Апошнія каментары
Flag Counter

Народны фальклорны гурт «Бабіна лета» адзначыў 30-годдзе

Раённыя будні

У нядзелю, 3 лістапада, ва ўтульнай зале Аранчыцкага сельскага Дома фальклора адбыўся творчы вечар народнага фальклорнага гурта “Бабіна лета”, якому ў гэтым годзе спаўняецца 30 гадоў. За час свайго існавання гурт развіўся творча і прафесійна, атрымаў павагу і прызнанне гледачоў.

А як усё пачыналася?


Спачатку пры Аранчыцкай птушкафабрыцы існаваў хор. У ім спявалі не толькі жанчыны, але гучалі і мужчынскія галасы. Потым загадчыца Аранчыцкага СДК Яўгенія Васілюк пагутарыла з жанчынамі, якія ведалі мясцовыя песні. Рашылі стварыць фальклорны гурт “Бабіна лета”, удзельніцай якога стала і Таццяна Піліпаўна Пушко. Спачатку яна, настаўніца па адукацыі, спявала, прыслухоўвалася да астатніх. А калі калектыву было прысвоена ганаровае званне “народны” (гэта адбылося ў 2002 годзе), узначаліла гурт.
З рэпертуарам складанасцей не ўзнікала: жанчыны шмат ведалі песень, некаторыя запісвалі ад старэйшых вясковых жыхарак.
У роднай вёсачцы Аранчыцы жанчыны мелі за звычай збірацца ў вольную часіну ў каго-небудзь на лавачцы, а зімой — у хаце, дзе няспешныя размовы абавязкова чаргаваліся з песнямі: пра долю жаночую, даўнейшае жыццё, каханне. А калі выпадала якое свята, галасы вясковых жанчын да позняга вечара напаўнялі наваколле. Здавалася, у песнях пульсавала іх душа, жыццё з радасцямі і нягодамі. Асабліва краналі сэрца мелодыі, што калісьці спявалі іх матулі і бабулі. Столькі неслі яны ў сабе жыццёвай мудрасці, натхнення і развагі, што нельга было не замілавацца.
калектыве сабраліся адданыя народнай творчасці энтузіясткі. Улюбёныя ў мастацкую спадчыну, яны разам з Таццянай Піліпаўнай апантана збіралі і адраджалі ў першароднай красе дыяменты фальклорнай скарбніцы.
— У кожнай — сям’я, гаспадарка, спраў вышэй галавы, а толькі пакліч, — адразу тут, — з удзячнасцю зазначае Таццяна Піліпаўна.
Кожная з удзельніц калектыву мае свой каларыт, сваё разуменне песні. Але ўсіх яднае любоў, павага і беражлівае стаўленне да сваёй спадчыны.
Калі жанчыны пачыналі спяваць разам, ніхто з іх не мог уявіць, які доўгі і славуты лёс будзе мець фальклорны гурт.
Але імклівы творчы ўзлёт калектыву пачаўся з першымі выступленнямі перад працаўнікамі малочнатаварных фермаў, на сельскагаспадарчых падворках мясцовага калгаса. Пасля канцэрта ў Аранчыцкім сельскім клубе пасыпаліся запрашэнні з суседніх вёсак. А неўзабаве ўжо са сцэны раённага Дома культуры кранальна ліліся з самых патаемных куточкаў сэрцаў удзельніц гэтага фальклорнага гурта мясцовыя песні. Вярталіся дамоў, акрыленыя гарачымі апладысментамі і першымі ўзнагародамі. Цяпер ужо ні адно свята ў раёне не абыходзілася без гэтых таленавітых спявачак.
З удзельніцамі фальклорнага калектыву “Бабіна лета” Таццяна Піліпаўна шмат зрабіла для адраджэння мясцовых абрадавых святаў народнага календара і сямейна-бытавога накірунку. У прыватнасці, абрад “Зажынкі”. У дзяцінстве бачыла яна, як дарослыя ладзілі яго. Цяпер ён у рэпертуары фальклорнага калектыву. Сярод іншых абрадаў у рэпертуары гурта — “Упрыгожанне каравая”, “Юр’еўскі абрад”, “Абход поля”, “Хрэсьбіны” і іншыя.
За 30 гадоў існавання фальклорны гурт “Бабіна лета” аб’ездзіў з канцэртамі ўсю Пружаншчыну, выступаў за межамі раёна, прымаў удзел у абласных конкурсах, неаднаразова быў запрошаны ў Рэспубліку Польшча, адзначаўся шматлікімі ўзнагародамі.

Са словамі віншавання і падарункамі да ўдзельніц калектыву звярнуліся старшыня Ліноўскага сельвыканкама Т.М.Мардань, прадстаўнікі аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама, Аранчыцкай птушкафабрыкі, калегі і сябры з Ліноўскага СДК і Аранчыцкага СДФ.
На працягу ўсяго вечара гледачоў радавалі песні ў выкананні “Бабінага лета”, гучалі музычныя віншаванні ад гасцей: Кацярыны Ідрысавай, вакальнага гурта “Шчырым сэрцам” на чале з загадчыцай аўтаклуба Святланай Карповіч. А ў вясельным абрадзе “Запарожцы” прымалі ўдзел і запрошаныя госці.
Хочацца пажадаць гэтаму цудоўнаму калектыву творчага натхнення, і яшчэ многа гадоў радаваць сваіх прыхільнікаў душэўнымі, мілагучнымі песнямі.
Ірына Гадуйка, метадыст раённай цэнтралізаванай клубнай сістэмы.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Подтвердите, что Вы не бот — выберите человечка с поднятой рукой:

Падпісацца на RSS

Калі ласка, увядзіце email адрас:

Delivered by FeedBurner

Архівы
Ритуальная фурнитура
Музей истории вычислительной техники
Ліноўская СШ
budzima-by
МОВА НАНОВА