Тыя ж беларусы…

Матэрыял з часопіса “Беларуская мінуўшчына” №4 1994 г. (ст. 11-15)

Яўген Насытка

Этнічныя межы беларусаў у ХІХ – пачатку ХХ ст.

У дарэвалюцыйнай гістарычнай і этнаграфічнай літаратуры ёсць шэраг прац, дзе беларускі этнас знайшоў тое ці іншае адлюстраванне. 

Апошнім часам выйшла цікавая кніжка Я.Шыраева (Беларусь: Русь Белая, Русь Чёрная и Лнтва в картах. Мн., 1991), але тэкставая яе частка невялікая і складаецца з самых агульных высноў. Таму пытанне патрабуе далейшага даследавання з выкарыстаннем новых гістарычных крыніц. Гэта вельмі важна ў наш час, калі адбываецца адраджэнне беларускай мовы, культуры, ідзе зварот да нацыянальных вытокаў.

У пачатку XIX ст. пад Беларуссю разумеліся губерні Віцебская, Мінская, Магілёўская і Смаленская. Віленская, Ковенская і Гродзенская называліся Літвой. Але па меры вывучэння межаў беларускай мовы тэрмін «Беларусь» стаў пашырацца на захад. Так, М.Каяловіч у 1863 г. пісаў: «Я разумею пад Беларуссю значна больш таго, што звычайна называецца гэтым імем, разумею ўсю тую краіну, дзе народ гаворыць па-беларуску, г.зн. частку Віленскай і большую частку Гродзенскай губерні». Такой думкі прытрымліваліся і іншыя вучоныя, якія нейкім чынам былі знаёмыя з беларускай этнаграфіяй.

Сяляне Мінскай губерні (да 1905 г.)

Сяляне Мінскай губерні (да 1905 г.)

Першыя невялікія этнафафічныя замалёўкі пра беларусаў з’явіліся ў 1817 і 1819 гг. у часопісах «Dziennik Wilenski» і «Tugodnik Wilenski ». Належаць яны пяру польскіх даследчыкаў і датычыліся асобных мясцовасцей з іх адметнымі звычаямі, вераваннямі, песнямі. Польскі этнограф А.Рыпінскі ў сваёй кнізе «Беларусь!..» (1840) спрабаваў акрэсліць этнічную мяжу беларусаў. На поўдні ён правёў яе па Прыпяці, а на поўначы давёў да Апочкі і Вялікіх Лукаў.

 

У 20-я гады XIX ст. свае навуковыя інтарэсы на тэрыторыю Беларусі пашырыла Расійская Акадэмія навук. Вывучаліся галоўным чынам межы пражывання і мова, як галоўны этнічны паказчык. Трэба сказаць, што ўвогуле мова любога народа Расійскай імперыі на працягу ўсяго дарэвалюцыйнага часу была галоўным вызначальнікам яго этнічнай тэрыторыі. Грунтоўныя звесткі пра рассяленне беларусаў у Мінскай, Віленскай, Ковенскай і Курляндскай губернях былі набыты ў 1827 г. выдатным рускім этнографам і статыстыкам П.Кепенам. Але яны, на жаль, не былі надрукаваны і знаходзяцца ў рукапісе ў архіве Расійскай АН.

Значную частку гэтых матэрыялаў выкарыстаў у сваёй працы «Slowansku Narodopis» (Прага, 1842) вядомы чэшскі славіст П.Шафарык. Гэта быў першы вопыт паказу славянскіх тэрыторый і апісання асаблівасцей мовы кожнага славянскага народа. У дададзенай да працы этнаграфічнай карце, на думку тагачасных вучоных, даволі дакладна былі вызначаны межы пражывання народаў. Першае, што кідаецца ў вочы, — гэта тое, што паказаныя межы беларусаў значна шырэйшыя за сучасныя дзяржаўныя. Асабліва вялікі «выступ» назіраем на поўначы і захадзе. На поўначы мяжа беларусаў даходзіць амаль да Люцына і ўключае Невель, Себеж, Веліж і іх паветы. Заходнія межы пражывання беларусаў прасціраюцца за гарады Гродзенскай губерні Бельск, Бранск і Беласток. На жаль, недахоп матэрыялу, звязаны з тым, што этнаграфічныя даследаванні ў Расіі толькі пачаліся, не дазволіў П.Шафарыку дакладна правесці беларускую мяжу па ўсіх накірунках. Таму на ўсходзе яна фактычна была праведзена па граніцы Вялікага княства Літоўскага і Масковіі. Па-за беларускімі межамі аказалася і частка Віленшчыны з горадам Вільняй.

Паводле П.Шафарыка, агульная колькасць беларусаў, якія жылі на акрэсленай ім тэрыторыі па стану на 1840 г., складала каля 2726000 чалавек, з іх 2376000 (87,2%) — праваслаўныя і 350000 (12,8%) — католікі.

Першая этнаграфічная карта ў Расіі была складзена ў 1851 г. П.Кепенам. Мэтай яе было паказаць рассяленне ўсіх неславянскіх народаў Еўрапейскай Расіі. Таму вызначыць па ёй межы беларусаў немагчыма.

Думка сабраць дакладныя звесткі аб этнічным складзе насельніцтва ўсёй імперыі і па іх скласці карту не пакідала нястомнага П.Кепена. Таму ён звярнуўся з прапановай да міністра ўнутраных спраў Д.Блудава і ў Сінод, каб да гэтай вялікай справы далучыць прыходскіх святароў. Ініцыятыва была падтрымана на самым высокім узроўні і, у рэшце рэшт, у 1857 г. ва ўсе царкоўныя прыходы імперыі былі разасланы спецыяльныя бланкі, куды святар павінен быў занесці даныя аб геаграфічным становішчы і назве населеных пунктаў, якія належаць прыходу, колькасці прыхаджан і іх этнічнай прыналежнасці. Атрыманыя крыніцы носяць назву прыходскіх спісаў.

У гэтай справе П.Кепена вельмі цікавілі беларусы, таму што яшчэ ў 20-я гады XIX ст. ён меў намер вызначыць іх рассяленне ў Чарнігаўскай губерні, але з-за недахопу творчых навуковых сіл сустрэў пэўныя цяжкасці. Атрыманымі прыходскімі спісамі П.Кепен таксама быў не зусім задаволены, бо, як пісаў ён пазней, «некаторыя складальнікі спісаў не звярнулі ўвагі на загаловак графы, якая прызначалася для этнаграфічных паказанняў, у якой, між іншым, патрабаваліся звесткі менавіта пра беларусаў, а некаторыя складальнікі спісаў уносілі паказанні накшталт наступных: «славянскага племені», «старажытнага славянскага племені», «сібірскія беларусы»…

Скласці на аснове атрыманых крыніц этнаграфічную карту П.Кепену па невядомых прычынах не ўдалося. Першапачатковыя рукапісы спісаў кожнага царкоўнага прыхода захаваліся і знаходзяцца ў архіве РАН. На іх аснове ў 60-я гады XIX ст. былі выдадзены спісы населеных пунктаў большасці губерняў Расійскай імперыі. Па заходніх губернях такіх спісаў няма. Затое маецца даследаванне М.Лябёдкіна, які апрацаваў прыходскія спісы дзевяці губерняў (Віленская, Віцебская, Гродзенская, Мінская, Магілёўская, Ковенская, Кіеўская, Валынская, Падольская) і падаў матэрыял у выглядзе статыстычных табліц са звесткамі аб этнічным складзе насельніцтва кожнага павета. Навуковая крытыка апрацаванага матэрыялу ў аўтара адсутнічае.

Згодна М.Лябёдкіну, удзельная вага беларусаў у Віленскай губерні складала 17,4%, Віцебскай — 62,4, Гродзенскай — 3,3, Мінскай — 65,1, Магілёўскай — 84,2%, а агульная іх колькасць у пяці губернях — 1973873 чалавекі. Калі да гэтай лічбы дадаць яшчэ 53020 беларусаў у Кіеўскай, Валынскай і Падольскай губернях, то атрымаем колькасць зафіксаванага беларускага насельніцтва дзевяці названых губерняў — 2026893 чалавекі. Як бачым, гэта нават меней, чым на 1842 год, паводле П.Шафарыка. Відавочна, што даныя прыходскіх спісаў патрабуюць значнай карэктыроўкі.

Відавочна, што лічба ў 3,3% беларусаў для Гродзенскай губерні не адпавядае сапраўднасці, у той час як рускіх тут паказана звыш 132 тысяч, літоўцаў — 25,6%, палякаў — 24,5%. На думку тагачаснага знаўцы Гродзеншчыны П.Баброўскага, святары многіх прыходаў праваслаўных беларусаў адносілі да рускіх, а беларусаў-католікаў ксяндзы запісвалі літоўцамі ці палякамі. Таму, без вялікай рызыкі памыліцца, 75% рускіх, літоўцаў і палякаў губерні можна аднесці да беларусаў. Тыя ж разлікі трэба зрабіць і ў адносінах да Віленскай губерні. 3 улікам гэтых паправак, колькасць беларусаў у пяці заходніх губернях на 1857 г. прыблізна складала звыш 2,7 млн.чалавек.

У канцы 50-х гадоў XIX ст. царскі ўрад вёў кампанію па пабудове праваслаўных цэркваў на Беларусі. Адказным за гэтую справу быў прызначаны віцэдырэктар дэпартамента духоўных спраў іншаземных веравызнанняў (пазней — папячыцель Віленскай вучэбнай акругі) П.Бацюшкаў. У памешчыцкія маёнткі былі накіраваныспецыяльныя чыноўнікі для збору звестак аб веравызнанні прыхаджан. Пасля заканчэння работы падпалкоўніку Генеральнага штаба А.Рыціху было даручана скласці атлас насельніцтва заходніх губерняў па веравызнаннях, які і быў выдадзены ў 1863 г.

Карта этнаграфічных беларускіх зямель па М.Доўнар-Запольскаму, Я.Канчэру, Я.Карскаму.

Карта этнаграфічных беларускіх зямель па М.Доўнар-Запольскаму, Я.Канчэру, Я.Карскаму.

Галоўнай мэтай атласа было запэўніць расійскую грамадскасць, што землі, далучаныя да імперыі пасля падзелаў Рэчы Паспалітай, населены у асноўным праваслаўнымі і таму па праву  павінны належаць Расіі. Асноўнай крыніцай этнічнай статыстыкі для атласа паслужылі тыя ж прыходскія спісы, але ўжо значна выпраўленыя і дапоўненыя матэрыяламі мясцовых статыстычных камітэтаў і данымі афіцэраў Генеральна- га штаба, якія працавалі ў гэты час у заходніх губернях па складанні ваенна-тапаграфічных карт рэгіёна.

Звесткі атласа, у параўнанні з прыходскімі спісамі, даюць крыху іншую этнічную структуру насельн’іцтва пяці заходніх губерняў. У Віцебскай і Магілёўскай вырасла доля рускіх, а ў Гродзенскай наадварот — яны зусім знікаюць. Напалову зменшылася коль- касць літоўцаў на Віленшчыне і палякаў на Гродзеншчыне. Усё гэта змяніла ўдзельную вагу беларусаў, якіх аказала- ся ў Віленскай губерні — 46,9%, Віцебскай — 59,8%, Гродзенскай — 57,9, Мінскай — 64,6, Магілёўскай — 81,7%. Усягожу гэтых губернях белару- саў пражывалакаля 2,8 млн. чалавек,зіх 2,3 млн. (84,1 %) — праваслаўныя і каля 500 тыс. — католікі. Апошнія складалі 64,7% беларускага насельніцтва Віленскай губерні, 23,6% — Гродзен- скай, 6,4% — Віцебскай. У Мінскай і Магілёўскай беларусы-католікі складалі нязначную колькасць. Беларускае на- сельніцтва зафіксавана таксама ў Ва- лынскай (28,5 тыс.), Падольскай (11,2 тыс.) Кіеўскай (49,7 тыс.), Ковенскай (0,77 тыс.) губернях.

Усё ж трэба зазначыць, што агульная колькасць беларусаў фактычна была большай, на што адразу пасля выхаду ў свет атласа звярнулі ўвагу яго рэцэнзенты. Так, М.Каяловіч лічыў, штосярод суцэльнай масы католікаў на паўднёвы захад ад Гродна ёсць шэраг праваслаўных прыходаў з беларускім насельніцтвам, і самае галоўнае, што колькасць літоўцаў, латышоў і палякаў павялічана за кошт беларусаў па ўсіх межах іх суседства.

Даследаванні А.Рыціха ў Царстве Польскім выявілі, што беларусы складалі пераважную большасць насельніцтва Аўгустоўскага павета Сувалкаўскай губерні. Па самых мінімальных падліках, на пачатак 1860-х гадоў зафіксавана іх 23,7 тысячы чалавек. Як сведчыць аўтар, беларусы «захавалі да цяперашняга часу не толькі сваю мову, але нават і грэкауніяцкую рэлігію і займаюць прастору ад Нёмана з боку Гродна… ад Сапоцкіна і Ліпска… па сістэме Аўгустоўскага канала і далей клінам да Аўгустова і азёр Сайно і Бяле». Нават мазуры, якія жылі паміж Аўгустовам і Сувалкамі, — лічыў А.Рыціх, — гэта тыя ж беларусы, некалькі апалячаныя, якія пасяліліся тут у час войн ВКЛ з крыжакамі, у той час як мазуры не даходзілі і да Сувалак.

З А.Рыціхам пагаджаўся і М.Каяловіч. Ен сцвярджаў, што аўгустоўскія беларусы — гэта «тыя ж беларусы, што і ў суседніх губернях Заходняй Расіі. У тых і другіх адно і тое ж жыццё, тая ж мова, тут жыве той жа народ і раздаецца тая ж мова, што і ў заходняй частцы Смаленскай губерні і ў паўднёвай Пскоўскай».

У сярэдзіне XIX ст. межы пражывання беларусаў у Віленскай губерні спрабаваў вызначыць вядомы этнограф А.Кіркор. На яго думку, асноўная маса беларускага насельніцтва была сканцэнтравана ў Вілейскім, Дзісненскім, Ашмянскім і Лідскім паветах, літоўцы ж займалі паўночную частку двух апошніх, а таксама Трокскі і палову Віленскага.

У XIX ст. да беларускіх губерняў вучоныя адносілі і Смаленскую (П.Сямёнаў, М.Цэбрыкаў, Я.Салаўёў і інш.). Згодна дадзеных спісаў населеных месц Смаленскай губерні, на 1859 г. тут пражывала 537,1 тыс.(46,7%) беларусаў. Яны складалі пераважную большасць насельніцтва сямі з дванаццаці яе паве- таў, а іменна: у Смаленскім — 90,5% (82,6 тыс.), Дарагабужскім — 66,0 (47,8), Духаўшчынскім — 78,7 (67,1), Ельнінскім — 84,7 (89,3), Красненскім — 95,4 (72,9), Парэчанскім — 82,9 (69,0), Рослаўскім — 94,7 (108,2 тыс.). Акрамятаго, 121,4тыс. (10,5%) чалавек па губерні аднесена да змешанага бела- рускага і рускага насельніцтва.

Па звестках афіцэраў Генеральнага штаба, апрацаваных М.Цэбрыкавым, на пачатак 60-х гт. XIX ст. удзельная вага беларусаў у Смаленскай губерні складала 54%, а абсалютная іх колькасць — 600,8 тыс. чалавек.

На паўднёвым усходзе беларуская этнічная тэрыторыя ахоплівала чатыры паветы Чарнігаўскай губерні. У прадмове да спісу населеных месц губерні адзначалася, што «чысты тып беларуса ў поўнай сіле ўзнікае ў паветах Суражскім, Гараднянскім, Навазыбкаўскім, Мглінскім і Чарнігаўскім». У гэ- тых паветах у 1859 г. беларусы зафіксафаны ў 116 населеных пунктах, дзе іх налічвалася 54 тыс. чалавек. Асноўная іх маса была сканцэнтравана ў Суражскім павеце — 44тыс. (81,5%).

У этнаграфічных даследаваннях 60-х гадоў XIX ст. некаторыя аўтары галоўным паказчыкам этнічнай прыналежнасці лічылі не мову, а веравызнанне. Да іх адносіцца перш за ўсё Р.Эркерт. У 1863 г. ім быў выдадзены на французскай мове «Этнаграфічны атлас абласцей, населеных цалкам ці часткова палякамі», а праз год выйшла манаграфія «Погляд на гісторыю і этнаграфію заходніх губерняў Расіі» з атласам. Атлас на французскай мове прызначаўся заходнееўрапейскаму чытачу і быў своеасаблівым сацыяльным заказам, з дапамогай якога царскі ўрад у час паўстання 1863-1864 гадоў хацеў абгрунтавацьсвае правы на беларускія землі з пункту гледжання веравызнання.

Фрагмент этнаграфічнай карты А.Рыціха (1875 г.)

Фрагмент этнаграфічнай карты А.Рыціха (1875 г.)

Р.Эркерт катэгарычна сцвярджаў, што «нішто ў заходніх губернях Расіі не вызначае рысы, якія аддзяляюць рускую народнасць ад польскай так выразна і правільна, як рознасць веравызнанняў, з параўнальна нямногім выключэннем, усе славянскія жыхары праваслаўнага веравызнання павінны лічыцца рускімі, а ўсе тыя, якія спавядаюць каталіцкую рэлігію, — палякамі». Праўда, ён робіць агаворку, што такое правіла для беларускіх губерняў не зусім падыходзіць, але ў цэлым яно правільнае. Тэрмін «рускія» ў дадзеным выпадку мае шырокі сэнс, пад якім разумеліся ўсходнеславянскія народы — велікарусы, маларусы і беларусы.

Сярод беларусаў Р.Эркерт вылучае «ачпраўдных», якія жывуць у Магілёўскай, Віцебскай і ўсходняй частцы Мінскай губерні, а таксама чарнарусаў, месца жыхарства якіх ён пашырае на Віпенскую, Гродзенскую і заходнюю частку Мінскай. Трэцяй часткай беларусаў ён лічыць падляшан — насельнікаў Сакольскага павета Гродзенскай і значнай часткі Аўгустоўскага павета Сувалкаўскай губерні. Чарнарусы і асабліва пахтяшане, на думку Р.Эркерта, былі вельмі апалячаныя.

У цэлым атлас Р.Эркерта завысіў за кошт беларусаў колькасць палякаў і літоўцаў на Віленшчыне, а таксама рускіх на Смаленшчыне, што звузіла на гэтых накірунках беларускія этнічныя межы.

Трэба адзначыць, што прыняцце Р.Эркертам веравызнання ў якасці га- лоўнага крытэрыя этнічнага размежавання насельніцтва было крытычна сустрэта шэрагам тагачасных навукоўцаў, асабліва П.Баброўскім. Перш заўсёён не мог пагадзіцца з высновай Р.Эркерта ў тым, што вопратка, звычаі, увесь уклад жыцця робяць беларусаўкатолікаў трывалымі палякамі, таму што ўражанне аб Беларусі аўтар атласа вынес з «палацаў і касцёлаў, што ляжалі на яго шляху».

П.Баброўскі зазначае, што адзінай адзнакай для падзелу насельніцтва Бела русі на беларусаў і палякаў можа быць толькі мова. I тут варта прывесці выказванне рэцэнзента на гэты контцалкам.бо яно вельмі ёмістае: «Нічога не значыць, што беларусы, па словах Эркерта, не называюць сябе гатым сваім імем. Беларусы, не ведаючы, штояны беларусы, захавалі і ў штодзённай гутарцы, і ў песнях, і ў прыслоўях свае азначаныя нацыянальныя, лагічныя формы, свой азначаны характар, свае праявы, звычаі і г.д. Беларус-селянін, ці будзе ён праваслаўны, ці католік, мае свае перакананні, сваю маральную філасофію і перадае гэта разам з мовай сваі.м дзецям і ўнукам. Ксёндз і памешчык ніколі не скажуць аб беларусу каталіцкага веравызнання, што ён беларус, а скажуць — ліцвін. Пагутарыце з гэтым ліцвінам, і вы пачуеце беларускую гаворку. Падчас нашай працы ў Гродзенскай губерні мы мелі этнаграфічныя спісы насельніцтва ад святароў і ксяндзоў. На спісах тых сяляне, як праваслаўныя, так і католікі, названы ліцвінамі і тут прыкладзены ўзоры іхняе мовы — вы думаеце літоўскае? Не — беларускае. Ксёндз рабіў гэта таму, што беларусы калісьці ўваходзілі ў склад народнасцей Літоўскае дзяржавы. Мы бачым тут не палітычную памылку, як думае Эркерт, а палітычную праўду і вельмі грубую этнаграфічную памылку» (“Русский инвалид”, 1864, N75).

У 1867 г., напярэдадні прыняцця ў Расіі закона аб усеагульным воінскім абавязку, Рускім геаграфічным таварыствам на чале з ужо нам вядомым А.Рыціхам было праведзена абследаванне ўсяго мужчынскага насельніцтва еўрапейскай Расіі, дзе вызначалася этнічная прыналежнасць на падставе роднай мовы. Гэта не было агульнае апытанне жыхароў, як пры перапісе. Крыніцай паслужылі звесткі з царкоўных прыходаў і валасных праўленняў, на падставе якіх А.Рыціхам у 1875 г. была складзена этнаграфічная карта Еўрапейскай Расіі.

У параўнанні з атласам Р.Эркерта на дадзенай карце А.Рыціха этнічныя межы беларусаў пашыраны на паўночным захадзе за Вільню, а на ўсходзе далёка за Смаленск. На самай поўначы тэрьггорыя, дзе пражывалі беларусы, прасціралася да населенага пункта Свікле Люцынскага павета. Адтуль у заходнім накірунку ломанай лініяй мяжа ішла на Дзвінск, Свянцяны, Сувалкі і Аўгустоў. 3 беларускага боку заставаліся большая частка Віленшчыны з Вільняй, а таксама трэць Свянцянскага павета.

На Віцебшчыне беларусы цалкам насялялі Дрысенскі, Гарадоцкі, Віцебскі, Лепельскі, Полацкі паветы і складалі пераважную большасць насельніцтва Невельскага (86,1%),  Веліжскага (87,2%), Себежскага (85,7%). Гарады Невель, Веліж і Себеж аднесены да беларускай тэрыторыі. Значны працэнт беларусаў пражываў у Люцынскім (23,1%), Дзвінскім (17,9%), Рэжыцкім (12,6%) паветах.

Заходнія межы беларускага жыхарства, згодна даследаванню А.Рыціха, прасціраліся да Сувалак. У Сувалкаўскай губерні беларусы кампактна насялялі Аўгустоўскі павет (23 тыс.). У Сакольскім павеце іх удзельная вага складала 77,5%, Беластоцкім — 47,4%.

На Чарнігаўшчыне А.Рыціхам было зафіксавана беларусаў каля 82 тыс., з якіх звыш 70 тыс. (87,6%) пражывала ў Суражскім павеце, дзе да ўкраінцаў было аднесена толькі каля 21 тыс. чалавек.

На ўсходзе тэрыторыя з беларускім насельніцтвам прасціралася за Дарагабуж, амаль да Вязьмы. Фактычна былі пацверджаны тыя межы беларусаў, якія былі акрэслены ў прыходскіх спісах 1857г. Не змяніўся нават працэнт беларускага насельніцтва ў сямі вышэйзгаданых паветах Смаленскай губерні, што гаворыць аб адноснай дакладнасці абедзвюх крыніц. Агульная колькасць беларусаў у Смаленскай губерні перавышала колькасць рускіх больш чым на 46 тыс. чалавек. Таму можна ўпэўнена гаварыць, што большая палова Смаленшчыны — гэта адвечная этнічная беларуская тэрыторыя, прычым з вельмі высокай удзельнай вагой беларускага насельніцтва, бо нават, да прыкладу, на Міншчыне не ва ўсіх паветах працэнт беларусаў быў такі значны.

Да беларускай этнічнай тэрыторыі А.Рыціх аднёс таксама невялікую паўднёвую частку Фрыдрыхштацкага і Ілукскага паветаў Курляндскай губерні, дзе мясцовае насельніцтва колькасцю каля 4 тыс. чалавек гаварыла па-беларуску.

Асобнай агаворкі патрабуе абгрунтаванне паўднёвых межаў беларускага этнасу. Паводле этнаграфічнай карты А.Рыціха, мяжа, якая аддзяляе беларусаў ад украінцаў, праходзіць па р.Прыпяць, робячы каля Пінска выступ на поўнач і далей па р.Ясельда, паўночней Пружанаў, паміж Бельскам і Беластокам да р.Нараў. Атрымоўваецца, што на поўдзень ад гэтай лініі, у паветах Брэсцкім, Кобрынскім, Пружанскім, Бельскім, жывуць украінцы, а беларусаў тут нібыта зусім няма, а ў Пінскім павеце іх нязначная колькасць.

Такое разуменне тагачаснымі даследчыкамі этнічнай прыналежнасці зыходзіла з таго, як слушна заўважаюць гісторыкі С.Брук і У.Кабузан, што моўны прынцып рэгістрацыі этнічнага моманту не заўсёды супадаў з этнічнай саманазвай і прыводзіў да заніжэння фактычнай колькасці этнасу і звужэння яго межаў.

Падабенства фанетычных нормаў валынскага дыялекту ўкраінскай мовы да гаворак насельніцтва вышэйназваных паветаў вымушала вучоныхадносіць яго да ўкраінцаў. Вось чаму і ў прыходскіх спісах 1857 г., і на картах і атласах Р.Эр- керта і А.Рыціха жыхары гэтых паветаў аднесены да ўкраінцаў. Тое ж мы бачым і ў матэрыялах навуковай экспедыцыі на Украіну і ў паўднёвую Беларусь у канцы 1860-х гг. пад кіраўніцтвам П.Чубінскага.

Увогуле, на большасці этнаграфічных карт XIX—пачатку XX ст., якія фактычна можна лічыць лінгвістычнымі, жыхары паўднёвых паветаў Гродзенскай губерні, Пінскага і часткі Мазырскага паветаў Мінскай губерні былі аднесены да ўкраінцаў. Гэта мы бачым на картах Г.Нобэрта (1888), Я.Карскага (1803, 1917), Л.Нідэрле (1909), Т.Фларынскага (1911). Такі падыход значна заніжаў агульную колькасць беларускага этнасу і звужаў яго этнічную тэрыторыю.

У 1903 г. этнаграфічную (лінгвістычную) карту рассялення беларусаў на падставе матэрыялаў папярэднікаў, а таксама сваіх асабістых дас- ледаванняў склаў Я.Карскі. Ен адзначыў, што яго карта ёсць «вобласць, якая хутчэй належыць беларускай мове, чым этнасу», таму што, напрыклад, некаторыя жыхары калужскага і арлоўскага з беларусамі сумежжа гавораць на паўднёвым дыялекце рускай мовы і таму аднесены да рускіх, хоць іх нашчадкі былі, безсумнення, беларусамі.

У параўнанні з этнаграфічнай картай А.Рыціха, на карце Я.Карскага беларускія межы пашыраны на паўднёвым усходзе да Трубчэўска і Бранска, а на паўночным усходзе — амаль да Ржэва. У астатнім карты амаль супадаюць.

Напярэдадні кастрычніка 1917г. пры Расійскай АН была створана камісія па вывучэнні «племенного состава населення». У адносінах да беларусаў справа была даручана Я.Карскаму. У тым жа годзе ён стварыў этнаграфічную карту, якая амаль нічым не адрознівалася ад яго карты 1903 года, толькі крыху на захад была аднесена мяжа ў Віленскай губерні. Там, уЛідскім і Ашмянскім паветах, быў шэраг вёсак, дзе жыхары размаўлялі і на беларускай, і на літоўскай мовах, пры гэтым з цягам часу беларуская стала пераважаць.

Этналінгвістычнымі прыкметамі кіравалася і Маскоўская дыялекталагічная камісія, якая перад пачаткам першай сусветнай вайны пачала вывучаць мову і рассяленне ўсходнеславянскіх народаў у Еўропе. Як вынік працы камісіі, у 1915г. з’явілася лінгвістычная карта, на якой, у адрозненне ад карт Я. Карскага, мы ўжо бачым вялікую паласу пераходных ад беларускіх да ўкраінскіх гаворак, што ідзе ад Бельска Гродзенскай губерні да Чарнігава, і ў Я.Карскага аднесена да арэалу ўкраінскай мовы. Камісія таксама некалькі пашырыла межы беларускай мовы ў Калужскай і Чарнігаўскай губер- нях.

Галоўны недахоп этнаграфічных і лінгвістычных карт пачатку XX ст. у тым, што ўсе яны будаваліся на фанетычных асаблівасцях мовы без уліку іншых, а таксама тое, што іх аўтары не выкарысталі матэрыялаў афіцыйнай статыстыкі і, перш за ўсё, вынікаў першага ўсерасійскага перапісу насельніцтва 1897 г., інакш межы беларускага этнасу на поўдні мелі б іншыя абрысы. Упершыню ў Расіі перапіс быў навукова арганізаваны. Праводзіўся ён шляхам апы- тання ўсяго насельніцтва. У выніку ў Пінскім павеце 74,3% жыхароў назвалі сябе беларусамі (па роднай мове), а ўкраінцамі — 0,6% (1423 чалавекі), у Рэчыцкім — адпаведна 82,5 і 1,7 %, Пружанскім — 75,5 і 6,7%. Толькі 64,3% насельніцтва Брэсцкага і 79,6 % Кобрынскага паветаў сваёй роднай мовай назвалі ўкраінскую. Аднак, неўзабаве і тут ста- новішча змянілася. Паводле звестак губернскага статкамітэта, у 1910 г. у Кобрынскім павеце ўдзельная вага беларусаў складала 84,8% і паступова павялічыласяда 85,7% у 1913г.,а ў Пружанскім — да 87,1 %. Чаму за трынаццаць год насельніцтва амаль цэлага павета (Кобрынскага) змяніла сваю нацыянальную саманазву? Ці ж маглі б этнічныя ўкраінцы так хутка адмовіцца ад свайго народа? Вядома, што не. Гэта ішоў натуральны працэс беларусізацыі паўднёва-заходняга кутка Беларусі, адраджэння беларускай нацыі, усведамлення беларусамі сябе як этнасу. На больш высокую ступень узнялася этнаграфічная і гістарычная навука. Мясцовыя органы кіравання, прыходскія святары, даныя якіх і былі крыніцай этнічнай статыстыкі, таксама ўжо разумелі, што вакол іх жывуць не ўкраінцы, а беларусы.

Карта Беларусі М.Доўнар-Запольскага (1919 г.).

Карта Беларусі М.Доўнар-Запольскага (1919 г.).

Толькі Брэсцкі павет перад першай сусветнай вайной быў заселены на 65,9% нібыта ўкраінцамі, але і тут да 1918г. асноўная маса насельніцтва ўжо стала звацца беларусамі. Спрыяў таму новы ўсплеск беларускага адраджэння, утварэнне БНР, шматлікая ў той час літаратура на беларускай мове. У рэшце рэшт, на картах, складзеных у 1918 і 1919 гадах М. Доўнар-Запольскім і Я.Канчэрам, ужо ўся Берас цейшчына ўключана ў абшар пражывання беларусаў.

Як бачым, да пачатку савецкага перыяду гісторыі межы пражывання беларусаў былі канчаткова акрэслены і навукова абгрунтаваны. Але, як вядома, з утварэннем БССР яе тэрыторыя была абрэзана з усіх бакоў да памераў адной Мінскай губерні. Нават уз’яднанні 1924 і 1926 гадоў не змаглі ў поўнай меры аб’яднаць усе этнічныя беларускія землі ў складзе рэспублікі. Тэрыторыі з беларускім насельніцтвам на Смаленшчыне адышлі да Расіі, на Чарнігаўшчыне і Піншчыне — да Украіны, на Віленшчыне — да Літвы, на Беласточчыне — да Польшчы. На поўначы многія беларусы аказаліся ў складзе Латвіі. Гэта вялікая гістарычная несправядлівасць. Але гісторыю ўжо, на жаль, не паправіць, яе трэба толькі аб’ектыўна адлюстроўваць.