Хмелеўская Сёмуха

Адкрытае раённае свята народнага мастацтва ў Жабінкаўскім раёне

Глядзець альбом

Ужо не першы год Хмелеўскі сельскі Дом культуры гасцінна сустракае шмат людзей з усіх куткоў Жабінкаўскага раёна і не толькі на свяце «Хмелеўская Сёмуха». Сёлета жаданымі гасцямі на свяце былі  калектывы Аранчыцкага сельскага Дома культуры «Каханачка» (кіраўнік Яўгенія Васілюк) і «Бабіна лета» (кіраўнік Таццяна Пушко).

У аснову свята лягла адроджаная традыцыя ваджэння Куста на Тройцу. «Ваджэнне Куста» – унікальны старажытны абрад, месцам традыцыйнага бытавання якога ў Жабінкаўскім раёне з’яўляецца вёска Залуззе. Сутнасць гэтай традыцыі ў тым, што на Тройцу галоўную прыгажуню вёскі апраналі ў імправізаванае адзенне з лісця клёна, рабілі кляновы вянок на галаву і ў такім выглядзе дзяўчыну вадзілі па сяле, каб пажадаць шчасця і дабрабыту аднавяскоўцам.
Хмелеўцы вырашылі пераняць гэтую цудоўную традыцыю. Разам з народным тэатрам гумару і песні “Хмелеўскія валацугі” і дзіцячым узорным фальклорным калектывам “Дараносіца” прынялі непасрэдны ўдзел у шэсці і нашы калектывы. Ды не толькі яны: не было відаць канца гэтага святочнага шэсця з музыкай і песнямі.

Але шэсце – гэта яшчэ не ўсё свята. Яно разгарнулася на галоўнай сцэнічнай пляцоўцы каля мясцовага СДК. З вялікім задавальненнем назіралі мы за выступленнямі народных калектываў і асобных выканаўцаў з Жабінкаўскага, Камянецкага, Кобрынскага раёнаў.  Нешта нават змаглі пераняць у самадзейных артыстаў.

Вакол галоўнай сцэны размясціліся пляцоўкі з забавамі, разгарнулі выставу-продаж майстры народнай творчасці (на ёй  былі прадстаўлены  і работы нашых умельцаў Алены Мароз, Надзеі Гоман  і Пружанскага Дома рамёстваў).

Час прайшоў незаўважна. У прыўзнятым настроі, з прыемнымі ўражаннямі, жаданнем у наступным годзе прыехаць у госці ў Хмелева, каб зноў «павадзіць Куст» па гасцінных дварах,  мы пакідалі свята.

Глядзець альбом