Раённыя будні

Як важна на жыццёвай дарозе не памыліцца з маршрутам, абраць правільную сцяжынку. Пра дарогі і накірункі, паралелі і мерыдыяны яна ведае больш за іншых, бо працуе настаўніцай геаграфіі. Сваім маршрутам Алена Леанідаўна Макарэвіч абрала школу, і вернай шляху дырэктар Ліноўскай СШ застаецца ўжо на працягу некалькіх дзесяцігоддзяў. Летась ацэнкай прафесіяналізму педагога і пацвярджэннем таго, што калісьці не памылілася ў выбары, стала атрыманне нагруднага знака Міністэрства адукацыі “Выдатнік адукацыі”.

– Хтосьці ходзіць у школу дзевяць, хтосьці адзінаццаць, а я ўжо сорак два гады. І, ведаеце, зусім не надакучыла, – усміхаецца Алена Леанідаўна.

Яе першым месцам працы стала школа ў Долках, затым лёс закінуў у Гарадзечна. Пасля з’явілася месца ў родным Лінова, у той школе, якую заканчвала сама і ў якой ведала кожны куточак. Менавіта тут Алене Леанідаўне ўдалося раскрыцца з розных бакоў. Спачатку яна была педагогам-арганізатарам, распрацоўвала мноства мерапрыемстваў і ўвасабляла іх у жыццё. Папрацаваць з бацькамі і вучнямі, навучыцца разбірацца ў іх праблемах давялося ў гады класнага кіраўніцтва. Замацаваць атрыманы вопыт дапамагла пасада намесніка дырэктара па выхаваўчай рабоце.

Адметна, што на кожным этапе сваёй работы педагог разам з вучнямі актыўна займаліся праектнай і навукова-даследчай дзейнасцю, за што атрымлівалі шматлікія ўзнагароды. Гэта і першае месца ў рэспубліканскім этапе конкурсу “Жыву ў Беларусі і тым ганаруся”, дзе вучні Ліноўскай СШ паказвалі фальклорныя інсцэніроўкі, і другое месца ў аднайменным конкурсе даследчых работ. Дыплома другой ступені рэспубліканскага конкурсу быў удастоены праект школьнай суботы.

Пяць гадоў таму Алена Леанідаўна Макарэвіч была прызначана дырэктарам Ліноўскай школы. Кіруючая пасада не стала перашкодай для творчасці. Больш за 20 гадоў таму педагог вырашыла згуртаваць вакол сябе моладзь, нераўнадушную да народных традыцый, звычаяў.
Так нарадзіўся фальклорны калектыў “Лінькі”. Вядома, за час яго існавання змянілася не адно пакаленне вучняў і педагогаў, але нязменным застаецца тое, што школьнікі з Лінова з’яўляюцца пастаяннымі ўдзельнікамі абласнога фальклорнага фестывалю “Радавод” і штораз вяртаюцца адтуль з перамогамі.
Што і гаварыць, сёння калектыў “Лінькі” – сапраўдны брэнд Ліноўскай СШ, па якім школу пазнаюць не толькі ў раёне, але і ў вобласці.

Каб так было заўсёды, школа гатова далей плённа працаваць. Адным з арыенціраў на бліжэйшыя пяць гадоў стануць палажэнні праекта праграмы сацыяльна-эканамічнага развіцця краіны, што датычацца сферы адукацыі.

— Падрыхтоўка добрага спецыяліста пачынаецца яшчэ са школы. Таму асаблівая ўвага павінна надавацца якасці адукацыі. Педагог не толькі дае веды, але і рыхтуе чалавека, гатовага да жыцця ў сучасным інфармацыйным грамадстве, якое прад’яўляе да людзей шмат патрабаванняў. Школа павінна дапамагчы вучню вызначыцца з будучай прафесіяй, зарыентаваць яго.

Напрыклад, з дзевяцікласнікамі працуе педагог-псіхолаг вышэйшай катэгорыі Н.І.Вараб’ёва, якая выкладае факультатыўны курс “Прафесія маёй мары”. З дзясятага класа можна выбраць профіль навучання. Летась у школе пачаў працу аграрны клас. Яго вучні вывучаюць факультатыў “Уводзіны ў аграрныя прафесіі” і ў далейшым змогуць без уступных экзаменаў паступіць у ВНУ сельскагаспадарчай накіраванасці, — расказвае дырэктар Ліноўскай СШ.

А вось непасрэдна ў школе можна набыць прафесію рабочага зялёнага будаўніцтва ў рамках прадмета “Працоўнае навучанне”. Дадзеная праграма рэалізуецца ў Ліноўскай СШ ужо трэці год запар. Дзеці засвойваюць азы прафесіі “Рабочы зялёнага будаўніцтва”: вывучаюць асновы раслінаводства, кветкаводства, а таксама аснову эканомікі і арганізацыі працы. Дапамагаюць вучням майстар вытворчага навучання Т.В.Бондарава і настаўнік біялогіі Н.Р.Рычко. Калі ў мінулым годзе заняткі наведвала толькі тры адзінаццацікласнікі, то сёлета — сем навучэнцаў дзясятага і 10 – адзінаццатага класаў.

Сваё меркаванне ў дырэктара і наконт уступнай кампаніі ў ВНУ. Алена Леанідаўна ўпэўнена: калі прафесія носіць практычную накіраванасць, то замена ЦТ экзаменам і гутаркай цалкам апраўдана. Такія формы кантролю ведаў раскрываюць асобу будучага студэнта, дысцыплінуюць яго, прымушаюць вывучаць больш матэрыялу і адказней рыхтавацца да паступлення.

Дарэчы, сама Алена Леанідаўна надае шмат увагі самаадукацыі
і павышэнню кваліфікацыі. Дырэктара мы якраз засталі за праглядам рэспубліканскага семінара з удзелам педагогаў іншых краін. “Лічу, што, колькі чалавек жыве, столькі павінен і вучыцца. Я з’яўляюся членам некалькіх педагагічных аб’яднанняў, а свой узровень стараюся павышаць штодзённа праз чытанне кніг, зносіны з цікавымі людзьмі”, – кажа Алена Леанідаўна.

І, канечне ж, з вучнямі. Без іх, прызнаецца дырэктар, не было б і прафе-сійных дасягненняў, бо ўзнагарода —перш за ўсё, вынік сумеснай работы настаўніка і вучняў, кіраўніка і педкалектыву. Можа, таму Алена Леанідаўна не дзеліць навучэнцаў на слабых і больш моцных?
– У кожнага вучня ёсць нейкі свой талент: у кагосьці атрымліваецца спасцігаць веды, а ў кагосьці працаваць фізічна. Нехта добра малюе і спявае. Я стараюся ў школьніках знайсці нешта незвычайнае. Яно ёсць абсалютна ў кожным чалавеку, проста важна заўважыць гэта і раскрыць.

Якія планы на будучае? Ні ў якім
разе не ставіць кропку. Узнагарода – гэта проста чарговы этап, станоўчая адзнака тваёй дзейнасці. І даецца яна для таго, каб яшчэ больш працаваць і дасягаць новых вынікаў!
Уладзіслаў Шпарла. Фота Сяргея Талашкевіча.