Наша рубрыка, прысвечаная выбару прафесіі, з’явілася ў верасні. За гэты час мы паспелі пазнаёміць нашых юных чытачоў з інжынерамі, якія працуюць у розных сферах, з трэнерам, правізарам, урачом-эпідэміёлагам і многімі іншымі маладымі спецыялістамі.
Сёння наша гутарка са спецыялістам паштовай дзейнасці Вольгай Наход.
— Як Вы прыйшлі да выбару прафесіі?
— Мая мама працавала паштальёнам у Лінове. Калі я падрасла, яна часта брала мяне з сабой на работу, а мне гэта вельмі падабалася. У любое надвор’е мы крочылі ад двара да двара. Не проста разносілі пошту, а размаўлялі з вяскоўцамі, нехта пытаўся ў мамы парады, нехта дзяліўся радасцю, а нехта — і горам. Так атрымалася, што пасля заканчэння школы ў хуткім часе я пайшла ў дэкрэт. Клопаты з маленькім сынам не дазволілі адразу працягнуць адукацыю, а калі адпачынак скончыўся, мне прапанавалі работу паштальёнам. Дарэчы, на гэтай пасадзе я неаднаразова атрымлівала прызы ад газеты за актыўнае правядзенне падпісной кампаніі.
Праз некалькі гадоў ад кіраўніцтва паступіла прапанова заняць пасаду спецыяліста паштовай дзейнасці, іншымі словамі, працаваць непасрэдна ў паштовым аддзяленні. Пасля доўгіх ваганняў я ўсё ж адважылася паехаць на экзамен і цяпер не шкадую аб гэтым.
— Вольга, праз амаль восем гадоў работы Вы ўсё ж вырашылі атрымаць спецыяльную адукацыю. Раскажыце, калі ласка, пра такі незвычайны вопыт.
— Так, цяпер я навучэнка другога курса каледжа пры Беларускай дзяржаўнай акадэміі сувязі. У каледж паступіла ўжо ў статусе маці дваіх сыноў. І зноў жа, з падачы кіраўніцтва вузла паштовай сувязі. І я рада, што адважылася зрабіць такі крок. Для паступлення патрабаваўся толькі бал атэстата. Атрымліваецца, што паступіць было лёгка…
— А вучыцца?
— Уявіце маё здзіўленне, калі ў раскладзе я ўбачыла вышэйшую матэматыку! На шчасце, я сябрую з дакладнымі навукамі і справілася і з гэтым прадметам. Але як цяпер пачаць “з нуля” вучыць французскую мову (у школе я вывучала нямецкую)? Прыняла і гэты выклік: набываць новыя веды вельмі цікава. Старэйшы сын у школе прызнаўся, што ганарыцца тым, што яго мама не спыняецца на дасягнутым і ставіць перад сабой новыя мэты. Яго пахвала — яшчэ адзін цудоўны стымул для мяне. Не хочацца загадваць вельмі далёка, але цяпер атрыманне і вышэйшай адукацыі ўжо не здаецца мне нечым недасягальным.
— У чым заключаецца работа спецыяліста паштовай дзейнасці?
— Неабходна ведаць усе паштовыя паслугі (а іх многа і ўвесь час дадаюцца новыя), каб прапанаваць кліенту менавіта тую, якая будзе адпавядаць яго патрэбам. Я працую ў вёсцы, таму добра ведаю ўсіх нашых кліентаў: каму трэба падабраць нешта таннейшае, а для каго важней хуткасць выканання паслугі. Што тычыцца тавараў, якія ёсць у нас у продажы, – стараюся набываць і карыстацца імі сама, каб ведаць, што я прапаноўваю лю-дзям. Вучым людзей самастойна аплачваць паслугі з дапамогай тэрміналу.
Наогул прынцып асабіста маёй работы заключаецца ў тым, каб кожны кліент выходзіў з аддзялення з усмешкай на твары.
— Каму б Вы параілі выбіраць такую прафесію?
— Ведаеце, у каледжы вучацца не толькі работнікі пошты, а прадстаўнікі многіх іншых сфер, але выкладчыкі нашы сцвярджаюць, што менавіта “паштавікі” самыя добрыя і ўсміхаюцца часцей за іншых. Так, мы не маем права прыносіць на работу свой дрэнны настрой. Такая работа падыдзе адкрытым і пазітыўным людзям, якія не баяцца размаўляць, прапаноўваць, тлумачыць.
Памятайце, што, хоць спецыяліст і павінен быць з камп’ютарам на “ты”, галоўнае ў нашай рабоце – людзі.
Кацярына Пашкевіч. Фота Сяргея Талашкевіча.