Рэальная гісторыя з жыцця пабудаваная на ўспамінах Георгія Антановіча
Мой бацька, Акім Дзям’янавіч Антановіч, нарадзіўся у 1895 року ў сям’і селяніна у в. Лінова. Сям’я была невялікая: бацькі, сястра і два браты. Мелі свой дом, прысядзібныя пабудовы, кавалак зямлі. У 1946 я адшукаў дзедаву хату. У жівых засталіся бацькава сястра Ева і брат Тэафіль з дзецьмі.
У першую сусветную вайну бацька служыў у кавалерыі. 3 расказаў яго і дзядзькі я ведаў, што бацька актыўна ўдзельнічаў у барацьбе за Савецкую ўладу, ваяваў у Чырвонай Арміі.Быў накіраваны ў НКУС, апошняе месца працы — старшы інспектар каманднага адзела ўпраўлення рабоча-сялянскай мiліцыі Смаленскай вобласці.
Дзень, дакладней вечар 14 лютага 1938 я запомніў вельмі добра, мне тады было 13 гадоў. Бацькі былі ў тэатры, вярнуліся позна. Я ужо заснуў, калі яны прыйшлі, вясёлыя, узбуджаныя. Не паспелі легчы спаць, як пачуўся стук у дзверы. Гэта не было нечаканасцю, па бацьку часта прысылалі па начах пасыльных, выклікалі на рабту. На гэты раз у пакой увайшлі трое ваеннаслужачых, нам знаёмых. Па званні яны былі малодшыя за бацьку. Паводзілі себе ветліва, нават крыху саромеліся. Яны паказалі ордэры на вобшук і арышт бацькі. 3абралі зброю, пісьмы, фатаздымкі. Мы з мамай сядзелі на канапе і плакалі. Бацька стаяў ля сцяны, панура апусціў галаву і моўчкі падпарадкоўваўся загадам. Да чатырох раніцы ўсё было закончана. Маці прапанавалі сабраць мужу бялізну, шкарпэткі, ручнік і яшчэ нешта, а бацьку — апранацца і развітвацца. Абдымаючы і цалуючы маці, ён казаў, што ні ў чым не вінаваты, што там разбяруцца. Мяне, узяўшы на рукі, ён моцна прыціснуў да сваіх грудзей, пацалаваў, пагладзіў цяжкай рукой па галаве і сказаў: «Сынок, ты ўжо вялікі, сапраўдны мужык і носіш маё прозвішча. Любі і памятай свайго бацьку, беражы і клапаціся пра маму. Вам будзе без мяне цяжка, але я спадзяюся на цябе».
Накінуўшы на плечы шынель (гэтую «неахайнасць» бацька дапусціў упершыню), ён цвёрдым ваенным крокам выйшаў з кватэры. Мы з мамай кінуліся да акна. Белы снег дазваляў добра бачыць нават у цемры. Падышоўшы да задняга боку машыны, да адкрытай дзверцы, бацька спыніўся, павярнуўся да нашых вокнаў, памахаў рукой і, прыгнуўшыся, сеў у машыну. Больш мы яго не бачылі.
Далей пачаліся цяжкасці, аб якіх папярэджваў бацька. Маці звольнілі з работы, мяне выключылі са школы. Ішлі гады, у 1943 я быў прызваны ў армію, служыў да 1950. Потым вярнуўся ў Менск, дзе жыла мама.
У 1956 року я пачаў пошукі бацькі. У наступным року атрымаў паведамленне аб яго рэабілітацыі. Вядома, гэты адказ мяне не задаволіў. Я хацеў ведаць прычыны арышту і куды выслалі майго бацьку. За адказамі я звярнуўся ў КДБ БССР і на славах мне заявілі што бацька памёр у 1942 у адным з лагераў ад язвы страўніка. Аднак я працягваў патрабаваць дакументальнага пацвярджэння ягонай смерці, права азнакамлення з ягонай справай. Алe мне ў гэтым адмаўлялі .
Толькі ў чэрвені 1989, калі мне было ужо 64 гады, ад КДБ БССР я ўсё ж такі даведаўся праўду. Бацьку прыгаварылі да расстрзлу, 25 верасня 1938 рашэнне было прыведзена ў дзеянне. Пацвярджэнне выдадзенае тут жа, пасведчанне аб смерці са Смаленскага ЗАГСа.