Сайт газеты “Маяк” Бярозаўскага раёна. 19 лютага 2015 г

Радаводам мая бабуля, Валянціна Паўлаўна Дабрыніна з вёскі Сялец, займаецца болей за пятнаццаць гадоў. Зацікавілася гэтай справай і я. Прозвішча нашага продка мы знайшлі ў “Ревизии Кобринской экономии, составленной в 1563 году королевским ревизором Дмитрием Сапегою”, выдадзенай у 1876 г. у Вільні. 

     Продак жыў у Альшанах на Пружаншчыне. У інфармацыйным полі пра гэтае сяло звестак няма. З дакументаў Нацыянальнага гістарычнага архіва Беларусі ў Гродне вядома, што маёнтак Мікіцічы Мікіцкай воласці Пружанскага павета Гродзенскай губерніі з сёламі, у тым ліку Альшанамі, у межах 1794 – 1840 гадоў належаў Вінцэнту Трамбіцкаму (1762 – 1842) – з 2402 дзесяцінамі зямлі.

Вінцэнт Трамбіцкі – знатная асоба тых часоў: прэзідэнт судоў Пружанскага павета, лоўчы кобрынскіх лясоў і шамбелян караля Станіслава Аўгуста Панятоўскага – гэта была прыдворная пасада, пачэсная ў Рэчы Паспалітай у XVIII стагоддзі. Шамбелян павінен быў знаходзіцца  пры манарху для ганаровых паслуг у час цырымоній.
Сыны Трамбіцкага Уладзіслаў і Багуслаў служылі падпаручнікамі, прымалі ўдзел у паўстанні 1831 года.
Багуслаў быў адукаваным памешчыкам-бібліяфілам, польскім бібліёграфам, меў у асабістай бібліятэцы 14181 фаліянт, што ў 1867 г. ацэньвалася ў 4500 рублёў срэбрам. Для параўнання: адна карова каштавала тады 3 рублі.
…У 1828 г. у Мікольскай царкве ў Вільні служыў князь, канонік-уніят, протаіерэй, прафесар, выкладчык Віленскага ўніверсітэта з 1814-га па 1832 год М.К. Баброўскі (1785 – 1848). Ён меў права карыстацца кожным рукапісам з царкоўнага кнігасховішча. У яго руках апынуўся Супрасльскі рукапіс XI ст., ён стаў першым уладальнікам і Кіеўскага Псалтыра.
Трэба сказаць, што Псалтыр быў любімай кнігай сярэднявечча і спадарожнікам чалавека на працягу яго жыцця – па ім варажылі, вучыліся чытаць, яго вершамі суправаджалі абрад пахавання.
Кіеўскі Псалтыр напісаны ў 1397 г., сваю назву ён атрымаў па месцы свайго напісання, што засведчана спецыяльнай прыпіскай пісца ў канцы кнігі.
Пасля закрыцця Віленскага ўніверсітэта ў 1832 г. М.К. Баброўскага накіравалі ў адзін з лепшых тагачасных прыходаў – Шэрашава Пружанскага ўезда. Выязджаючы з Вільні, Баброўскі не вярнуў рукапісы Мікольскай царкве. Яго суседзямі ў Шэрашаве сталі памешчыкі-шляхцічы. Баброўскі пазнаёміўся з Уладзіславам Трамбіцкім і ў 1848 г. дамовіўся аб продажы яму сваёй бібліятэкі. Уладзіслаў Трамбіцкі пісаў, што нават старажытныя рукапісы з бібліятэкі Ватыкана, па словах Баброўскага, не могуць параўнацца з Кіеўскім Псалтырам.
Псалтыр трапіў да Трамбіцкага ў складзе бібліятэкі Баброўскага за  20 тысяч злотых і быў прададзены асобна за вялікія грошы.
Памёр Уладзіслаў Трамбіцкі нечакана. Пасля яго смерці нашчадкі, незацікаўленыя ў захаванні бібліятэкі,  у 1874 г. прадалі яе графу А.С. Замойскаму ў Варшаву. Бібліятэка ардыната графа Замойскага, якая налічвала каля 100 тысяч друкаваных кніг і некалькі тысяч рукапісаў, была славутасцю не толькі Варшавы, але і ўсёй Польшчы.
Дарэчы, Сялец Бярозаўскага раёна быў з 1831 г. ва ўладанні графіні Замойскай.
Трамбіцкія не лічылі зямлю, на якой жылі, сваёю, таму без шкадавання развіталіся з рарытэтам (і не з адным), ведаючы яго кошт толькі ў рублях.
Невядома, пры якіх абставінах учынена перадача (паміж 1874 і 1881 гг.) Кіеўскага Псалтыра з варшаўскай бібліятэкі Замойскага ў збор князя П.П. Вяземскага. Далей усе рукапісы (каля 500) у Вяземскага выкупіў граф С.Д. Шарамецьеў і ў 1881 г. падарыў іх Таварыству аматараў старажытнай пісьменнасці. Таму лічу памылковым сцвярджэнне, што Кіеўскі Псалтыр згарэў падчас пажару ў Першую сусветную вайну, бо з 1932 г. ён захоўваецца ў Санкт-Пецярбургу ў Дзяржаўнай бібліятэцы імя Салтыкова-Шчадрына.

Алена КУЛІЧЫК,
студэнтка Віцебскага дзяржаўнага ордэна Дружбы народаў медыцынскага ўніверсітэта.