Урывак з кнігі “Бежанства 1915 года”, стар. 96-97 (2015, Беласток, праграмная рада тыднёвіка “Ніва”)
Айцец Уладзімір Гарустовіч, нараджаны 10 лютага 1890 года ў Скупаве
…
Пазваныя на вайну павінны былі з явіцца на зборныя пункты, а з іх пад камандаю пайсці на чыгуначную станцыю. Памятаю, як ад воінскага начальніка ў Пружанах пагналі нас на чыгуначную станцыю. Падвозяць там таварныя вагоны для пасадкі прызваных на вайну. Назбіралася людзей — мужчын і жанчын. Прыйшлі развітацца, апошні раз пагаварыць, наглядзецца адзін на другога, бо то ж вайна і кожнага чакае смерць. Усюды таўкатня, размовы і размовы без канца, цалаванне, слёзы. А хтось хацеў павесяліцца і заспяваў песню: „I шуміць, і гудзець пасажырка… Недалёка ад вак зала адышла, як завідзела міленька гэта, то адразу на сэрца ўзяла”. Ажно з усходу паказаўся паравоз з вайсковым эшалонам, спяшаўся на заходні фронт. Паравоз з шумам і ляскатам праляцеў праз станцыю і затрымаўся. Салдаты ў новым абмундзіраванні павыскаквалі з вагонаў і беглі на станцыю з чайнікамі і вайсковымі пляшкамі за варам. Было загадана, каб на кожнай станцыі ўмуроўваць катлы і кіпяціць гарачую ваду для войска. Люба было глядзець на салдацікаў, як яны харашэ былі ўбраны: суконная рубашка, падпаясаная жоўтым скураным паяском, на нагах новыя чобаты, на галаве вайсковая фуражка, на плячах пагоны. У першага старшага — яфрэйтара — на пагонах адна белая нашыўка. А калі дзве — то гэта ўжо называўся малодшы унтэр-афіцэр. А калі тры, то называўся старшы унтэр-афіцэр. А калі адна шырокая нашыўка, залацістая, то гэта фельдфебель. Ну, а афіцэры насілі залатыя пагоны са звёздачкамі. „Пра афіцэрскія чыны пазнаеш, як прымуць у войска”, — так павучаў маладога стары чалавек, пабываўшы ўжо ў войску.
На платформах стаялі вайсковыя павозкі і гарматы. Былі вагоны з коньмі. Жандары стаялі каля станцыі і глядзелі за парадкам. Афіцэры ў залатых пагонах выйшлі на перон прайсціся. Каля самай станцыі ўпарку стаяў атрад прызваных у войска настаўнікаў школ і іншых адукаваных — інтэлігенцыі. Яны былі накіраваны ў нестраявыя часці войск — на інтэнданцкія склады, на сухарныя заводы, у канцылярыі, а пасля ў ваенныя афіцэрскія школы. Убачыўшы афіцэраў, атрад настаўнікаў заспяваў рускі гімн: „Божа, цара храні”. Афіцэры сталі навыцяжку — смірна, узялі пад казырок. Жандары затрымалі бегатню людзей і салдатаў. Усё як бы замерла. Перажываўся патрыятычны настрой. Казалі, што паслалі тэлеграму цару з пажаданнем перамогі над ворагам. Вайсковы эшалон доўга не стаяў, бо спяшаў на фронт. Паравоз папыхцеў і пагрукатаў на захад.
…
Аповяд вядзецца пра чыгуначную станцыю паблізу Пружанаў. Бліжэйшая станцыя – гэта Аранчыцы.