Альшаны. 115 год таму.
Меркавалася, што тыя, хто не мае доступу да інтэрнэту, артыкул прачытаюць са старонак газеты “Раённыя будні”. На жаль, спадзяванні не апраўдаліся. Шчыра прашу прабачэння ў жыхароў Альшан.
В. Дабрыніна
Альшаны. 115 год таму.
Як прывязалі Альшаны да сябе – не адпускаюць. Хочацца яшчэ і яшчэ штосьці новае даведацца пра гэтую вёску, хоць я ніколі не была яе жыхаркай. У Альшанах жылі мае продкі Рэчыцы˗Пашвянчукі.
Перада мной – “Обыск брачный”, пасведчанне аб шлюбе; афармлялася, калі маладыя вянчаліся ў царкве. 48˗гадовая нявеста˗удава, маёй прабабкі сваячка, − Рэчыц Соф’я Маісееўна ў “Обыску” 4.02.1923 г. насупраць свайго прозвішча паставіла подпіс – тры крыжыкі. Жаніх, 42˗гадовы ўдавец Мацвей Дзям’янавіч Стасевіч, таксама трыма крыжыкамі азначыў свой удзел у шлюбным працэсе. Звыклая з’ява, асабліва сярод жанчын таго часу. І мая бабка, Пашвянчук Агаф’я Данілаўна (1889˗1969), гэтак жа “распісвалася”, бо была непісьменнай: у школу не хадзіла, таму чытаць˗пісаць не умела, але грошы лічыла добра. Дзе ж альшанцы грамаце вучыліся?
Першапачатковай “ячэйкай адукацыі” былі школы граматы, якія адкрываліся і ўтрымоўваліся выключна на сродкі сялян. Гэтыя школы ў сялянскіх хатах, у якіх змяшчалася не болей двух сталоў, часам з дрэннымі аконнымі рамамі і разбітым шклом, не мелі вызначанай праграмы і давалі ўменне толькі чытаць і пісаць. Навучанне праводзілася нярэдка непаўналетнімі хлопчыкамі. Напэўна, такая школа была і ў Альшанах, але аб гэтым архіўных звестак не існуе.
Маленькія сямейныя школкі, цесныя і цёмныя хаты, з’явіліся “неоценёнными рассадниками образования среди тёмного крестьянского люда”, − пісалі “Гродзенскія епархіяльныя ведамасці” у канцы 19 стагоддзя (1884˗1903).
У 1866 г. у Пружанскім уездзе было 19 народных школ – такую інфармацыю дае “Памятная кніжка Гродзенскай губерніі на 1866 год”.
Ад сястры маёй бабулі, Якімовіч (Пашвянчук) Аляксандры Данілаўны (1893˗1975), чула, што вучняў за правіннасці ставілі каленьмі на гарох альбо грэчку. Ведала баба Алеся, бо мо якую зіму пахадзіла ў школу: умела сяк˗так распісацца і не болей.
Амаль адначасовае пераўтварэнне школ граматы ў школы аднакласныя, асабліва ў 1901/02 навучальным годзе, вызвала недахоп настаўнікаў. У 1906 г. Епархіяльны Вучэбны Савет выдаў цыркуляр усім уездным аддзяленням: “на настаўніцкія месцы ў аднакласных школах прызначаць асоб, маючых настаўніцкае званне”.
Са справаздачы Гродзенскага Епархіяльнага Вучылішчнага Савета аб стане царкоўных школ у Гродзенскай епархіі за 1901 год “Гродзенскія епархіяльныя ведамасці” паведамлялі, што ў 1901 годзе ў Пружанскім уездзе адкрыта аднакласная царкоўна˗прыхадская школа ў сяле Альшаны. Ад першага дакументальнага ўзгадвання Альшанскай школы сённяшні дзень адзяляе 115 год.
Дакументы Нацыянальнага гістарычнага Архіва Беларусі ў г. Гродна сведчаць, што будаўніцтва Альшанскай школы закончана (а калі распачалося?) у 1903 г. і на яго Пружанскім уездным аддзяленнем патрачана 569 руб.30 кап.
Ужо ў сакавіку 1905 г. сярод іншых настаўнікаў царкоўных школ Пружанскага ўезду падзяку атрымаў настаўнік Альшанскай школы Іван Зарэцкі.
Назваць настаўнікаў, працаваўшых у гэтай школе, у мяне не прадстаўляецца магчымасці. З дакументаў Гродзенскага архіва вядома, што ў 1912 г. настаўнічаў Восіп Іванавіч Сачко, але пасля першай сусветнай вайны ён са сваёй жонкай Пелагеяй Восіпаўнай у Альшаны не вярнуўся.
У 1915 г. па ўказу расійскага імператара Мікалая II жыхары заходніх уездаў Гродзенскай губерніі выехалі ў глыб Расіі. Вярнуліся з бежанцаў альшанцы, мае прадзеды, напрыклад, 3.11.1921 г. у другую краіну, калі на іх зямлі ўжо была польская ўлада. Пасля вайны на Пружаншчыне з 26 народных, 12 двухкласных міністэрскіх, 2 двухгадовых вучылішч не засталося ніводнага, усе былі разграблены і знішчаны. Альшанская драўляная з крышай з гонту памерам 12,78 м х 6,31 м, вышынёй 2,84 м апынулася ў Лінова, яе гаспадарамі сталі Сямён Рамановіч і ўдава Грыпіна Русява.
19.07.1926 г. упраўленне гміны Лінова з аддзелу Пружанскага павятовага сейміка атрымала распараджэнне: на сельскім сходзе ў Альшанах устанавіць і аформіць пратаколам паказанні сведкаў, “kto, kedy i jaka część budynku szkolneqo zabral” (чыёй уласнасцю стаў будынак школы), памеры будынка, у якім стане знаходзіцца і яго існуючы кошт. Сход адбыўся, што патрабавалася – занатавалі. 27.07.1926 г. пратакол падпісалі: сакратар сходу і альшанцы, Ян Курлюк, Крац Канстанцін (1887-1957) і Пашвянчук Канстанцін (1883˗1957), “Зух”, як яго празывалі ў Альшанах.
1.09.1927 г.у Альшанах была адкрыта “1 klasowa publiczna szkola powszechna”(аднакласная ўсеагульная школа) I ступені арганізацыі з польскім “językem nauczania” (з польскай мовай навучання), для якой яшчэ 22.10.1926 г. “kierownik”(дырэктар) Эдвард Квяткоўскі атрымаў паліва (дровы), а 13.11.1926 г. – табліцы. Відаць, як арганізатар адкрыцця школы, забяспечваў яе ўсім неабходным.
Як адзначала Папячыцельства школьнай акругі ў Брэсце (13.02.1927 г.), школу наведвалі не толькі альшанскія дзеці, але і са Скрыбаўшчыны˗калоніі, Хойнікаў˗калоніі, Яцкаўшчыны˗асады, Мікіціч (лес), Араб’ёў і Дубровы (хутар).
Настаўнікі адкрыўшыхся школ былі з цэнтра Польшчы. Яны станавіліся праваднікамі апалячвання. Да 1939 г. былі зачынены ўсе беларускія школы і гімназіі. Замест ліквідаваных беларускіх школ адкрываліся польскія, каб дзеці змалку размаўлялі толькі па˗польску, каб насельніцтва думала па˗польску суадносна польскай дзяржаўнасці. Грамадзянства − таксама польскае. Для яго атрымання беларусы павінны былі аддаць усе дакументы, якія тычыліся папярэдняга грамадзянства, напісаць “podanie” (заяву). Прушанскае (тагачаснае напісанне. − В.Д.) павятовае староства Ліноўскай гміне ў 1926 г. прадпісвала „wydawać będą poświadczenia obywatelstwa wedlug następującego wzoru” (выдаваць пасведчанне аб грамадзянстве наступнага ўзору): дата напісаня падання, назва гміны, далей − колер валос і вачэй, нос, твар, асобыя прыметы і асабістыя даныя (імя і прозвішча, дата і месца нараджэння, імёны бацькоў, прафесія, месца пражывання, веравызнанне). У Польшчы ў кожным дакуменце адсутнічала графа “нацыянальнасць”, значэнне надавалася канфесіі. У дзень атрымання пасведчання – дата і подпіс, а не дык адпячатак пальца. Атрымаў – паляк. Паняцце “католік” і “праваслаўны” замацавалася і ўспрымалася як назва нацыі, народа. Для самасвядомасці таго часу “католік” значыла “паляк”, а “праваслаўны” – рускі. Беларус – хто? Не ўсе беларусы лічылі сябе палякамі і мянялі сваю веру праваслаўную.
Асновай сістэмы народнай адукацыі павінна была з’явіцца публічна паўшэхна школа з 7˗гадовым тэрмінам навучання. У залежнасці ад ліку вучняў і настаўнікаў дзялілася на тры ступені. Да школы I ступені адносіліся школы з 1˗4 класамі з 4˗гадовым тэрмінам навучання, якія сталі найбольш распаўсюджанымі ў Польшчы і ў асноўным у сёлах. Вось такая школа з’явілася ў Альшанах. Паўшэхна школа аб’яўлялася бясплатнай, як гэта прадугледжвалася законам аб школе.
З 1927 года ў Альшанскай школе грамаце дзяцей вучыла пані Мар’я Віхмануўна (1906 г. нараджэння). Працавала яна і ў 1936˗ым, таму падцверджанне − каштарыс на атрыманне грошай ад гміны (па 15 злотых штомесяц) за арэнднае жыллё і “жалаванне” у 236 злотых. Засталося загадкай для мяне, чаму ў пані Мар’і ў маі 1935 года не было вучэбных гадзін (таму і платы), у сакавіку праведзена толькі 10 гадзін, у лютым – 8.
У 1931 г. зранку, калі развіднее, каб не траціцца на газу для лямпы, спяшаліся на заняткі ў школу 15 другакласнікаў, 19 трэцякласнікаў і 3 вучні з чацвёртага класа, а пасля абеду пані Мар’я вучыла яшчэ 24 першакласніка. 5.05.1931 г. школьны інспектар наведаў урокі польскай мовы, лічэння (“rachunku”), гімнастыкі. Адзначыў адсутнасць 9 вучняў, чысціню, акуратнасць дзяцей. Без шматлікіх заўваг (без іх – ну ані як!) не абышлося, але ўжо пры наступнай праверцы 9.06.1932 г. тых недахопаў не выявіў. Пасля наведвання ўрокаў лічэння, польскай мовы, геаграфіі і спеваў запісаў слушныя заўвагі.
Па меркаванню інспектара, школьная “izba” (наёмнае памяшканне) не можа ўмясціць усіх дзяцей. Унёс прапанову: “z powodu małeqo umuzykalnenia nauczycelki” (з˗за недахопу музычнай адукацыі настаўніцы) узровень падрыхтоўкі вучняў – “w zaniedbainiu” (запушчаны), таму прапанаваў, хаця б 1˗2 разы ў месяц Віхмануўне Мар’і правесці замену ўрокаў спеваў з настаўнікам школы з Кутнявіч. У асабовай справе настаўніцы з’явіўся запіс: “зусім запусціла школу за адсутнасцю стараннасці і добрасумленнасці ў выкананні школьных абавязкаў”. Зразумела, пры такой колькасці дзяцей (61 вучань) і ўроках у дзве змены, працу настаўніцы лёгкай не назавеш.
Школьныя павятовыя інспектары ажыццяўлялі адміністрацыйнае і педагагічнае кіраўніцтва агульнаадукацыйнымі школамі на тэрыторыі школьнага раёну. Пружанскі школьны раён Пружанскага павету ўваходзіў у Брэсцкую школьную акругу з папячыцельствам ў г.Брэсце.
Як і раней, усё выхаванне ў школах насіла рэлігійна˗царкоўны характар. Абавязковымі былі ўрокі рэлігіі. Як сведчаць дакументы Брэсцкага абласного архіва, у лютым 1935 г. псаломшчыца Аранчыцкай царквы Зінаіда Станкевіч (12.12.1934 г. святар Станкевіч М.П. памёр) правяла лекцыйных 40 гадзін, праваслаўны святар Граталовіч Уладзімір – 75 гадзін (не вядома за які час), каталіцкі ксёндз Копасаў Віталь у маі таго ж года – 12 рэлігійных урокаў.
Што сёння могуць расказаць аб жыцці “пры паляках” тыя, каму на той час было 3˗5 гадоў, а сёння далёка за 70? Пані Мар’ю ўзгадала Пашвянчук Аляксандра Міхайлаўна (1932 г. нарадж.). У першы клас Аляксандра Міхайлаўна пайшла ўжо “пры саветах”, у 1939 годзе, але малой часта бегала ў школу ўслед за старэйшай сястрой Ганнай Міхайлаўнай (1922˗2012), бо там давалі (нават не вучням) бігас (нацыянальная страва палякаў). “Пры нястачы і няшчымніцы дома, бігас быў вельмі смачны”, − успамінала нядаўна Аляксандра Міхайлаўна.
У чыіх хатах размяшчалася школа, ўспаміны Пашвянчук А.М. і Трафімчука М.А.(1937 г. нарадж.) розняцца. Называлі Платонавых (Хмару), Прузыну Стасевіч, Жаўнерчука Ігната. Узгодненасць была наконт хаты “Хмарука” (Хмары Васіля), бо і “пры паляках”, і “пры саветах” там была школа. Сюды ў першы клас пайшла Аляксандра Міхайлаўна.
Па ўспамінах маёй мамы (яна хадзіла ў польскую школу), вучняў каралі – “білі ў лапу” рабром лінейкі за невывучаны на польскай мове верш, што размаўляў не па˗польску, а маме дасталося, што заспявала… “Інтэрнацыянал” (чула ад свайго бацькі˗паляка, бальшавіка Тымінскага Казіміра). Ад кіраўніцтва Брэсцкай школьнай акругі дырэктарам і настаўнікам публічных школ паўшэхных 16.11.1037 г. адпраўлена пісьмо “Kary cielesny w szkole” ( “Цялесныя пакаранні ў школе”), у якім гаварылася: “Для падтрымання дысцыпліны ў школе павінны прымяняцца толькі выхаваўчыя меры, да якіх ні ў якім разе не могуць належыць цялесныя пакаранні”. Звярталася ўвага, што прымяненне настаўнікам такіх пакаранняў, зыходзячы з Крымінальнага Кодэксу арт.239 § 1, караецца да 1 года турмы, а за пакалечанне – да 5 гадоў турмы.
Абавязковае школьнае навучанне супярэчыла сялянскім уяўленням аб школе. У вёсцы на зямлі працаваць трэба, таму часта дзяцей не пускалі ў школу. “Каб за плугам хадзіць, сыну не патрэбна школа”, − казаў бацька і вучыў яго гаспадарчым навыкам. 17.02.1932 г. у школы ад куратара школьнай акругі прыйшло распараджэнне аб адказнасці за арганізацыю ўсеагульнага навучання.
Калі адсутнасць дзяцей на ўроках паўтаралася, уздзеянне прымянялася на бацькоў, каб яны накіроўвалі сваіх дзяцей рэгулярна ў школу: арышт да 5 дзён альбо штраф у памеры да 40 польскіх марак, які ў выпадку нявыплаты замяняўся арыштам, тэрмінам да 2 дзён.
Апроч канікул, школьная апека ўпаўнаважана была ўстанаўліваць штогод перапынак у навучанні для важных сельскагаспадарчых работ не болей 14 дзён: восенню і вясной.
У 1945 годзе з хаты, гаспадары˗палякі якой выехалі ў Польшчу, на месцы, дзе стаяў нямецкі барак, пабудавалі пачатковую школу. Школа апынулася на лініі агню: ў час вайсковых стрэльбаў кулі засядалі ў партах, свісцелі каля вуха. І калі па гэтай прычыне загарэлася страха, засталіся сцены, школу перанеслі ў цэнтр вёскі “на заклунне”, насупраць “Зуха” (Пашвянчука Канстанціна).
З канца 90˗х гадоў ХХ ст. вёска прыйшла ў заняпад: калгас разваліўся, працы моладзі не стала, і яна падалася ў горад. Школу зачынілі.
Жывуць яшчэ пакаленні былых вучняў Альшанскай пачатковай школы. Мо радкі мае нагадаюць ім асірацелую вёску Альшаны і школу, якой ужо няма.
Валянціна Дабрыніна. Брэст