“ІВАЦЭВІЦКІ ВЭСНІК”. “На стадыёнах усіх рэспублік…”

Аўтар: Аляксандр Горбач

сентябрь 2011г.

На стадыёнах амаль усіх саюзных рэспублік выступаў са сваімі выхаванцамі трэнер Міхаіл Швед

Радзіма Міхаіла Сямёнавіча Шведа – вёска Аранчыцы Пружанскага раёна. А нарадзіўся ён у цяжкія для нашай краіны часы – у верасні 1941-га года. Гэтыя гады былі асабліва цяжкімі і складанымі і для маленькага Міхася: на фронце загінуў бацька, цяжка захварэла і ў хуткім часе памерла маці. У тры гады хлопчык ужо застаўся круглым сіратой, а выхоўвалі яго бабуля і дзядуля, што жылі на хутары ў некалькіх кіламетрах ад Аранчыц.

Дзяцінства беднае, але здаровае

Але на гэтае басаногае і галоднае дзяцінства не хоча наракаць Міхаіл Сямёнавіч Швед. Хоць жылі бедна, апраналіся – сціпла, але былі здаровымі; харчаваліся, як сёння заўважылі б, экалагічнай чыстай прадукцыяй. Не дзіва, што вырас Міхаіл дужым і фізічна крэпкім юнаком, які вельмі любіў спорт і марыў стаць настаўнікам фізкультуры ці трэнерам. У тыя гады вельмі шмат праходзіла спаборніцтваў, на многія з іх, успамінае Міхаіл Сямёнавіч, у тыя 50-я гады яны, вучні сельскай школы, ездзілі на ваеннай грузавой палутарцы з адкрытымі бартамі і саломай на падлозе – у Кобрын, Бярозу, Пружаны. І не хварэлі, не баяліся скразнякоў!.. Нават калі спачатку паступіў у тэхнікум механізацыі ў Пружаны, то кожны дзень на заняткі і назад ездзіў на веласіпедзе. А гэта – каля 25 кіламетраў штодня.

Каб паступіць у інстытут фізічнай культуры ў Мінск, трэба было здаць многа дысцыплін, падрыхтавацца да якіх можна толькі ў спартзалах і басейне. Але і тут вясковы хлопец знайшоў выйсце: у тое лета, калі рыхтаваўся паступаць у інстытут, ён штодня прыязджаў на веласіпедзе на бераг Мухаўца і плыў 1, 5 км супраць цячэння. Загартоўваў і рыхтаваў сябе да экзаменаў, “штурмаваў” падручнікі.

І здаў Міхаіл экзамены дастаткова добра, здзівіўшы педагогам тым, што вельмі хутка пакрываў дыстанцыі ў басейне, падцягваўся на турніку і г. д. Хімію ўвогуле здаў на “выдатна”.

-Гады вучобы не здаваліся простымі яшчэ і таму, што галоўным патрабаваннем ад студэнта было падтрымліваць сябе ў вельмі добрай фізічнай форме, – узгадвае Міхаіл Швед. – Сёння, наколькі ведаю, крыху інакш: больш тэорыяй “грузяць” студэнта… Уявіце сабе: у мае гады вучобы ад студэнта патрабавалі, каб ён скакаў з 10-мятровай вышкі ў ваду, праходзіў на лыжных зборах амаль 100 кіламетраў штодзённа, мог праплыць пад вадой басейн на ўсю яго даўжыню – 25 метраў. Без здачы апошняга практыкавання не пераводзілі на наступны курс. Гэтае патрабаванне захоўвалася многія гады, пакуль у час падобных выпрабаванняў у аднаго са студэнтаў не вытрымала сэрца… Заплыў адмянілі, але тады ў 60-я гады для нас гэта было нормай, таму пакідалі вучэбную ўстанову майстрамі спорту, кандыдатамі ў майстры, першаразраднікамі.

Калі трэнераў цэлая кагорта

Прыйшоў час размеркавання пасля вучобы. На прапановы застацца ў Мінску ў таварыстве “Спартак” ці ісці на працу ў абласныя структуры Міхаіл адказаў катэгарычна “не”. Справа ў тым, што там, на хутары пад Аранчыцамі, засталася бабуля, якая моцна састарэла і за якой трэба было ажыццяўляць уход. Інакш нельга, бо Міхаіл усім сваім жыццём быў удзячны бабулі, што паставіла яго на ногі. Таму прасіў прапанаваць месца, адкуль лягчэй было дабрацца да Аранчыц. У Пружанах вакансіі не было, бо закрылася аддзяленне лёгкай атлетыкі. Прапанавалі Драгічын, Іванава, Івацэвічы… Стоп! А чаму б не Івацэвічы? Да Аранчыц электрычкай – нядоўга.

У 1964-м годзе Міхаіл Швед прыехаў на працу ў Івацэвічы – трэнерам па лёгкай атлетыцы ў дзіцяча-юнацкую школу. І тыя 60-я гады ён успамінае асабліва пяшчотна: шмат дасягненняў на яго рахунку і на рахунку шэрагу другіх трэнераў і спартсменаў. І гэта пры тым, што самі Івацэвічы, як узгадвае Міхаіл Сямёнавіч, былі вельмі маленькім горадам: на месцы сённяшняга ліцэя (вул. Камуністычная) вырошчвалі зерневыя (пшаніцу), на месцы, дзе сёння знаходзіцца прафліцэй, людзі садзілі бульбу. Адзін з калег Шведа, знаёмы трэнер з Тамбова, пасля пераможных для івацэвіцкіх спартсменаў стартаў у Ленінакане (Армянская ССР) з недаўменнем дапытваўся ў Шведа: “А дзе гэтыя вашы Івацэвічы? На карце бачыў Пінск, Гродна, Брэст… Можа, вы з Польшчы?”.

-У 60-я і 70-я гады у Івацэвічах склалася моцная каманда трэнераў, якія паднялі лёгкую атлетыку на такія вышыні, якіх пасля дасягнуць не ўдавалася, – працягвае Міхаіл Швед. – Не магу не ўзгадаць Уладзіміра Каленіка са Святой Волі, Юрыя Дагеля з Любішчыц, Івана Ляцецкага з Гошчава, Дзмітрыя Ёвіка са Стаек, Строева з Няхачава, Івана Капусту з Быцені, Віктара Маціна, Гергія Саплева і Станіслава Юмашава з Івацэвічаў. Многіх з іх няма ўжо ў жывых, але для развіцця спорту на Івацэвіччыне яны зрабілі вельмі многае. Нямала нашых вучняў стала трэнерамі: Мікалай Гойшык (зараз працуе ў Няхачаўскай СШ), Віталь Доптух (аддзел адукацыі райвыканкама), Людміла Чаплінская (Івацэвіцкая ДЮСШ), Міхаіл Сухан (прафліцэй сельгасвытворчасці). Дырэктарам спартыўнай школы ў Мінскай вобласці працуе і мой сын…

Многія спартыўныя дасягненні тых часоў і сёння не могуць перавысіць івацэвіцкія спартсмены. Уявіце сабе: Віктар Глушэня прабягаў стометроўку на саюзным першынстве ў Сочы ў сваёй узроставай групе за 10, 8 секунд і стаў Чэмпіёнам СССР (дарэчы, Юлія Несцярэнка на пераможнай для яе Алімпядзе ў Афінай пераадолела стометроўку за 10, 93) , Сяргей Шлык з Даманава кінуў кап’ё на першынстве ў Таліне на 73 метры (ён выйграў пазаведамаснае першынства СССР), Міхаіл Зайцаў скокнуў у даўжыню далей за 7 метраў (сёння ў нашым раёне далей за шэсць метраў ніхто не можа скокнуць). Міхаіл Швед падрыхтаваў дзевяць чэмпіёнаў Беларускай ССР па лёгкай атлетыцы (трайны скачок, кіданне дыска, бег і інш.).

Дайсці да самай аддаленай вёсачкі

У 70-я гады мінулага стагоддзя Міхаілу Шведу паступіла некалькі прапаноў павысіць свой працоўны статус. Прапаноўвалі ўзначаліць абласны камітэт абаронна-масавай і спартыўнай работы, абяцалі прадставіць жыллё. У Івацэвічы наведаўся дырэктар Бярозаўскай ДРЭС і прапанаваў узначаліць спартыўны сектар прадпрыемства. Нават з маскоўскай школы братоў Знаменскіх прыязджалі “вербаваць” на работу. Міхаіл Сямёнавіч адмовіў усім: вельмі ўжо прыкіпеў да сваіх хлопчыкаў і дзяўчынак. Але ў 1976-м годзе трэнера Шведа выклікалі ў райкам партыі і ледзь не запатрабавалі ўзначаліць райспарткамітэт Івацэвіцкага раёна.

Міхаіл Швед даў згоду.

-Перад сабой я паставіў наступную задачу: зрабіць спорт максімальна масавым, прыцягнуць да заняткаў моладзь не толькі ў самых буйных населеных пунктах раёна, але і ў маленькіх і ў самых аддаленых. У раёне былі створаны дзве футбольныя лігі, і футбол, як і іншыя віды спорту, у тыя гады літаральна расправіў крылы. Спаборніцтвы працягваліся па некалькі месяцаў. Аднойчы наведаў сельскі стадыён у адной з вёсак целяханскай зоны, а там вельмі многа вяскоўцаў: людзі чакаюць пачатку футбольнага матча. Я спытаў у аднаго немаладога мужчыны: ці часта наведваецеся на гульні? Ён адказаў мне словамі, якія я запомніў надоўга: “Дзякуй Богу, што цяпер ёсць куды схадзіць, бо акрамя гаспадаркі нічога не бачу”. Дадам, што вельмі лёгкімі на пад’ём былі маладыя спартсмены: пасля першамайскай дэманстрацыі і параду ўсе спяшаліся на стадыён. На жаль, сёння такой масавай цікавасці да спорту не назіраецца…

Міхаіл Швед звяртае ўвагу на тое, што ў 60-я, 70-я і 80-я гады развіваўся спорт вельмі актыўна яшчэ і таму, што СССР выдаткоўваў вельмі сур’ёзныя сумы на гэтую справу. У тыя часы сродкаў хапала на тое, каб набыць сучасныя спартыўныя касцюмы і іншую экіпіроўку на добрую паўсотню спартсменаў раёна. Пасля распаду Савецкага Саюза сітуацыя змянілася кардынальна. Міхаіл Швед “узначальваў спорт” у нашым раёне 23 гады – да 1999-га году, пасля некалькі гадоў працаваў у ДЮСШ. Але быў вымушаны па стану здароўя пакінуць работу.

-Сёння нават не верыцца, але ў тыя часы мне, як трэнеру, і маім спартсменам пашчасціла выступаць ва ўсіх рэспубліках былога СССР, – заканчвае свой расказ Міхаіл Швед. – Выступалі ў Сярэдняй Азіі, Прыбалтыцы, на Украіне. Асабіста я ў складзе дэлегацыі Брэстчыны наведваў і Алімпіяду-80. Івацэвіцкія спартсмены дэманстравалі цудоўныя паказчыкі і ўздымаліся на п’едэсталы ў Таліне, Львове, Сочы, Ленінакане, Ташкенце… Адпаведна, у спартсменаў было вельмі многа спартыўнай практыкі, раслі паказчыкі. Гэта вельмі важна, каб спартсмен не проста “сам для сябе” займаўся, а як мага часцей выходзіў на стадыён, каб “сразиться” с сапернікам. Гэта дазваляе больш хутка павышаць свой узровень. На жаль, сёння такой практыкі становіцца ўсё менш…

Ад рэдакцыі. У гэтыя дні Міхаілу Сямёнавічу Шведу спаўняецца 70 гадоў. Спартыўная грамадскасць Івацэвіччыны дзякуе Міхаілу Сямёнавічу за плённую работу на карысць нашага раёна, а таксама жадае яму моцнага здароўя, спакойных будняў, радасных падзей і добрых навін ад дзяцей, родных, знаёмых.