Пад Крыжам Жыватворным
Год 1914. Так было?
За тыдзень да Узвіжання пахаладала: ясныя сонечныя дні змяніліся дажджлівымі. Чаго ж добрага ад надвор‘я чакаць? Восень, браток, настала. Але ж непагадзь не паўплывала на святочны настрой праваслаўных: сяляне з усяго наваколля пехам, на вазах, на брычках спяшаліся на прастольнае свята ў новапабудаваны Аранчыцкі храм.
Колькі памятаюць сябе ды колькі дзяды расказвалі, маліліся Богу мясцовыя жыхары ў сціплай драўлянай цэркаўцы. Старэнькі будынак (апошні раз капітальна рамантаваўся ён ажно 35 гадоў таму, у 1879-м) пакуль стаіць побач, такі ўбогі ў параўнанні з велічным мураваным.
Нарэшце і ў Аранчыцах усё як у людзей — з‘явілася прыгожая прасторная царква, збіралі грошы на якую ўсёй грамадой. На ўсё не хапіла: яшчэ давядзецца тое-сёе дарабляць, купляць патрэбнае начынне. Але не за дзень Вільня будавалася…
Што і казаць, час зараз цяжкі, летам абвясцілі вайну з немцам, цяпер мужыкоў пачынаюць забіраць у армію. Ох, яны пісьмы дадому пачалі ўжо слаць. З Галіцыі, кажа бацюшка Аляксандр…
Можа, з новай царквы лепш пачуе Божа людскія малітвы? Асабліва сёння, ва ўрачысты для храма дзень, на Часнахрэст. Каб вайне хутчэй канец, каб салдацікі нашы жывымі і не пакалечанымі дадому вярнуліся. Каб дзецям нашым шчаслівае жыццё даравана было…
І ляцела над новым храмам: “Спаси, Господи, люди Твоя, и благослови достояние Твое, победы благоверному императору Николаю Александровичу на сопротивныя даруя, и Твое сохраняя Крестом Твоим жительство”…
Не ведаюць яшчэ аранчыцкія, ліноўскія, альшанскія, варотненскія прыхаджане, што менш чым праз год пакінуць родныя мясціны, адправяцца ў галоднае-халоднае падарожжа – у бежанства. Вернуцца да свайго храма не ўсе. Недзе згінуць і сляды тых, хто яго будаваў.
***
Роўна сто гадоў мінула з таго дня. Тры вайны перажыў храм, дзве акупацыі, пры чатырох дзяржавах прастаяў, перыяд бязбожжа вытрымаў – ніколі не зачыняўся. І зноў – нібы час павярнуўся назад, узносіцца тут шчырая малітва з просьбай не даць разгарэцца вайне ў суседняй Украіне, захаваць мір і спакой у роднай Беларусі. Пачуй яе, Божа!
Дык 1564 ці 1654?
Усё пайшло з легенды. Расказваюць так:
«Мясціны навакольныя належалі панам Аранскім. Але вёскі яшчэ не было – вакол стаялі дрымучыя лясы. Гаспадар выязджаў сюды на паляванне. Аднойчы застаўся ён у лесе начаваць, а лагер свой разбіў пад вялізным дубам. І прысніўся пану сон, што павінен ён пабудаваць на месцы свайго лагера царкву. Так і зрабіў Аранскі. Праз некаторы час вырасла тут царква, а вакол яе ўтварылася вёска пад назвай Аранчыкі (гэта ўжо шмат гадоў пасля назву крыху змянілі). Казалі старажылы, калі разабраць парог старой царквы, убачыш пень таго магутнага дуба».
«А што кажуць дакументы?» – спытаеце вы. У тым і справа, што дакументаў захавалася няшмат і даводзіцца літаральна па крупінках шукаць у іх каштоўную інфармацыю. Дакументальна пацвярджаецца, напрыклад, што Аранскія мелі маёнтак у гэтай мясцовасці – фактычна, заснавалі вёску — з 1560 года.
А вось выпіска з Нацыянальнага гістарычнага архіву ў г.Гродна (ад 13.01.1998 г. за №4-4/4), якая сведчыць, што, згодна з актам ад 24 ліпеня 1864 года, складзеным Часовым камітэтам па збудаванні і ўстройству праваслаўных цэркваў, царква ў Аранчыцах пабудавана ў імя Уздзвіжання пачэснага Жыватворнага Крыжа ў 1564 годзе. “Будынак драўляны на каменным падмурку, стаяў насупраць вёскі паміж прытчай і панскай сядзібай, алтарнай часткай звернуты на ўсход. Над сярэдняй і ўваходнай часткай меўся невялікі купал. Дах, пакрыты новымі гонтамі, і сцены былі неафарбаваныя. На кожнай з бакавых сцен па тры акны. На званіцы адсутнічаў вялікі звон, толькі тры малыя. Іканастас не меў праваслаўных ікон і знаходзіўся ў каталіцкай абстаноўцы. Агароджа з боку саду святара была драўляная, з іншых – каменная, займала прастору, дастатковую для працэсій”.
Гэты дакумент адназначна сведчыць, што першапачаткова царква была праваслаўнай: па-першае, будавалася за 5 гадоў да заключэння Люблінскай уніі паміж Польшчай і Вялікім Княствам Літоў-скім, па-другое, мела “правільную” арыентацыю – усход-захад.
Бачна з яго і іншае: мясцовы святар Аляксандр Дружылоўскі не вельмі дбаў пра свой прыход пасля пераходу ў 1838 годзе з уніяцтва ў праваслаўе: больш чым за 25 гадоў нават не перабудаваў іканастас. Ці прыход быў настолькі бедны?
У “Гродзенскім праваслаўна-царкоўным календары”, выпушчаным у 1899 годзе, час збудавання царквы павялічаны амаль на стагоддзе: “Царква драўляная з такою ж званіцай пры ёй, у каменнай агароджы, — збудавана ў 1654 годзе дваранінам Сімяонам Рыгоравічам Аранскім”. Вельмі падобна, што тут дапушчана тэхнічная памылка – 1564 ператварылася ў 1654, але ні пацвердзіць, ні абвергнуць гэтую выснову пакуль немагчыма.
Згодна з тымі ж дадзенымі 1899 года, “прыхаджан пры царкве было 1611 мужчынскага полу і 1488 жаночага, а ўсіх 3099, у васьмі паселішчах: Аранчыцах, Варотным, Выдзерцы, Красналесках, Лінёве, Лінёўцы, Альшанах і Плесе. Меліся царкоўная школа ў Варотным, дзе навучаліся 50 хлопчыкаў і 1 дзяўчынка, і народнае вучылішча ў Лінёве”.
Церковь деревянная с таковой же колокольней при ней, в каменной ограде, – сооружена в 1654 году дворянином Симеоном Григорьевичем Оранским. Отстоит от г. Пружаны в 14 верстах. – Прихожан при ней: 1611 мужского пола и 1488 женского, а всех 3099, – в 8 селениях: Оранчицы, Воротном, Выдерке, Краснолесках, Линеве, Линевке, Ольшанах и Плессе, – из коих самое отдаленное от приходской церкви – Краснолески – 9 верстах. Имеются: церковно-приходское попечительство, – церковная школа – в Воротном, с 50 учащихся мальчиков и 1 девочкой, – народное училище – в Линеве. – Причть состоит из 2 лиц: смвященника и псаломщика, – с жалованием 496 рублей 8 коп. Земли церковной в пользовании притча: усадебной 3 десятины, пахотной 40 десятин 1573 сажни и сенокосной 1 десятина 1200 сажень, а всего 45 десятин 373 сажени. [Гродненский православно-церковный календарь. Иосиф, епископ. Православие в Брестско-Гродненской земле в конце XIX века. Воронеж, 1899. – С. 271.]
30 верасня 1879 г. царква была асвечана пасля капітальнага рамонту, зробленага на сродкі прыхаджан (1075 рублёў, не лічачы дарэмнай чорнарабочай працы).
У 1884 прыход налічваў 861 душу мужчынскага полу і 884 – жаночага. Святаром тады быў Мікалай Жукевіч. [Выпіска з Нацыянальнага гістарычнага архіва ў г. Гродна ад 1998/01/13 г. за №4-4 / 4]
Свята-Крыжа-Узвіжанскі храм, размешчаны на заходняй ускраіне вёскі, быў пабудаваны ў 1914 годзе з цэглы на ахвяраванні вернікаў.
Стары драўлянага будынка царквы ў сярэдзіне 1930-х гадоў аддалі каталікам. Дарэчы, у польскіх крыніцах старая царква называецца ўніяцкай (а за імі паўтараюць гэта і беларускія даследчыкі). Думаю, гэта не зусім верна: напачатку артыкула мы ўжо разабраліся, што будаваўся храм як старажытна праваслаўны ў 1564 годзе. Хаця зразумела, што драўляная пабудова трыста гадоў прастаяць не магла і адназначна аднаўлялася ў часы ўніяцтва — у 18-м стагоддзі.
Аб старой царквы нагадвае вялікі драўляны крыж на царкоўным цвінтары, які стаіць на месцы святога пасаду храма.
Храм будаваўся ў цяжкі час Першай Сусветнай вайны. Сродкаў на будаўніцтва было недастаткова, таму ўжо пасля асвячэння храма прыхаджане завершылі астатнія работ і ўсталявалі часовы іканастас. Першым старастам царквы быў генерал М. Сафонаў, які памёр ў 1923 годзе. Хто ён такі, цікава? З гіпотэзы Ірыны Сядовай найбольш падыходзячай асобай з’яўляецца Мікалай Дзмітрыевіч Сафонаў (нарадзіўся ў 1835 годзе) – баявы афіцэр, герой Крымскай, Каўказскай і руска-турэцкай войнаў. У 1889 годзе ён атрымаў чын генерал-маёра і новае назначэнне – стаў камандзірам 2-й артылерыйскай брыгады 2-й пехотнай дівізіі, якая на той час дыслакавалася ў Брэст-Літоўску. Пасля 1894 года выйшаў у адстаўку. Верагодна, што пасяліўся ў Аранчыцах ці іх ваколіцах.
Аднаўленне
Напачатку 1920-х бежанцы пачалі вяртацца дадому. У параўнанні з астатнімі вёскамі прыходу, якія значна апусцелі пасля вайны (у Лінове колькасць насельнікаў па дадзеных на 1921 год складала крыху больш за пятую частку перадваеннай), Аранчыцы страцілі толькі каля 18 працэнтаў жыхароў. Зразумела, тлумачыцца гэта ў асноўным блізкасцю чыгункі, ля якой спяшаліся асесці людзі, не абавязкова мясцовыя выхадцы.
Вярнуўся і Мікалай Станкевіч. Малады святар перад самай эвакуацыяй быў прызначаны ў Аранчыцкую царкву настаяцелем і пасля доўгага перапынку з 18 лістапада 1922 года зноў пачаў тут богаслужэнні. І адразу актыўна ўзяўся за рамонт, дабудоўванне, аснашчэнне храма.
У гэты час святаром былі заказаны ў ліцейнай майстэрні братоў Фяльчынскіх новыя званы замест знятых у 1915 годзе і вывезеных у Расію. Яны дагэтуль радуюць прыхаджан і вяскоўцаў прыгожым перазвонам. Дарэчы, такога поўнага набору званоў у цэрквах Пружанскага благачыння больш няма.
З пісьма-заказа М.Станкевіча:
“Міласцівы спадар Г.Фяльчынскі. Згодна з умовай дасылаю ўзоры ікон, якія змясціце на званах у наступным парадку: “На 1 вялікім зване ікону Уздз-віжання Крыжа Гасподняга з аднаго боку – з процілеглага ікону Уваскрэсення Хрыстова. Унізе звана супраць іконы Уздзвіжання пачаць надпіс: “Кресту твоему поклоняемся, Владыко, и святое Воскресение твое славим». Надпіс гэты (на славянскай ці рускай мове) павінен абысці вакол звана, каб кожная палова надпісу адпавядала іконе. Іконы пажадана вялікага памеру.
Паміж іконамі з аднаго боку павінен быць надпіс: “Сии колокола приобретены усердием прихожан Оранчицкой церкви при священнике Николае Станкевиче и ктиторе Павле Василюке”. З другога боку паміж іконамі надпіс: “Лета от Рождества Христова 1928 г. мая 9 дня, с.Оранчицы Гродненской губернии Пружанского уезда”.
Імя гэтага звона Св. Ціхан”.
Такім жа чынам былі распісаны пажаданні да выяў і надпісаў на меншых званах. І таксама кожнаму дадзена імя: Св. Мікалай, Св. Георгій, Св. Павел, Св. Серафім. Нібы часцінкі душы святых пасяліліся ў званах і далі ім магчымасць спяваць разам з вернікамі – то радасна, то сумна, то ўзнёсла…
Дарэчы, звярнулі ўвагу? Станкевіч піша «Гродзенскай губерні», нягледзячы на тое, што пасля 1921 года Пружанскі павет адносіўся да польскага Палескага ваяводства. Палітычны выпад ці простая памылка?
Паставілі і новы іканастас – дастойны, з цёмнага моранага дубу. Яго прывёз з Варшавы таксама ў 1928-м мясцовы жыхар Паўлюк Лявонцьевіч Швед. Справа ў тым, што ў дваццатыя гады ў Польшчы ішло актыўнае знішчэнне расійскай спадчыны. Праваслаўныя храмы – а перад вайной было іх у Варшаве каля двух дзясяткаў – перабудоўваліся ў касцёлы ці наогул зачыняліся. Сумны лёс чакаў кафедральны Аляксандра-Неўскі сабор: храм умяшчальнасцю ў 2,5 тысячы чалавек, фрэскі якога маляваў знакаміты мастак Віктар Васняцоў, быў разбураны. Частку начыння ўдалося вывезці і захаваць. У прыватнасці, трох‘ярусны іканастас з бакавога прыдзела сабора ўпрыгожыў Свята-Сімяонаўскую царкву ў Камянцы. У Аранчыцах таксама апынуўся адзін з фрагментаў.
Магіла протаіерэя Мікалая Станкевіча
Мікалай Станкевіч вельмі шмат зрабіў для абсталявання і ўпрыгожання Аранчыцкай Крыжаўзвіжанскай царквы. Дагэтуль многае нагадвае пра яго дбанні: тыя ж званы з іканастасам, іншае начынне для богаслужэнняў. Ды, напэўна, не толькі знешні антураж: ён сапраўды быў дастойным чалавекам і захаваў аб сабе добрую памяць (дарэчы ў сёлетнім снежні споўніцца 80 гадоў з дня яго супакаення). Усё гэта прывяло да таго, што з цягам часу многія сталі лічыць айца Мікалая і будаўніком Аранчыцкага храма. Ва ўсялякім выпадку такое меркаванне гучыць ва ўспамінах мясцовых старажылаў.
Але зразумела, што Станкевіч, які скончыў духоўную семінарыю летам 1914 года і ў жніўні атрымаў свой першы прыход у Купліне, проста фізічна зрабіць гэтага не мог.
Тады хто? Зноў загадка? Але адказы на пытанні доўга шукаць не давялося.
Вернемся ў год 1928.
Пасля заканчэння ўсіх работ па абнаўленні, як і планавалася, на Узнясенне Гасподняе Крыжаўзвіжанская царква была асвечана. У памяць аб гэтым зрабілі надпіс на драўляным крыжы: “По благословению Преосвященного Александра, Епископа Полесского и Пинского, храм сей освящен в честь Воздвижения Честного и Животворящего Креста Господня 1928 года мая 9 дня. Чин освящения совершил настоятель Пружанской Пречистенской церкви прот. Константин Пилинкевич при участии настоятеля Оранчицкой ц. св. Н.Станкевича, Матвеевичской ц. прот. Григория Радикорского, Мокровской ц. св. Владимира Авксентьева, св. Мартина Волкова — наст. ц. Селец, о.Петра Балабушевича — ц. Малеч, о. Григория Реинского — ц. в Байках, при диаконе Пружанского собора Филиппе Рубане». І на зваротным баку: “Храм сей сооружен в 1914 году при блаженной памяти <покойном> протоиерее Александре Венчанинове, освящен 9 мая ст.ст. 1928 года при священнике Николае Станкевиче”.
Імя ёсць. Што далей? На жаль, звестак аб Аляксандры Паўлавічы Венчанінаве сабралася няшмат. Адзін з непрыкметных “маленькіх” святароў, “вінцікаў” у машыне расійскага праваслаўя. Нарадзіўся ў 1846 годзе ў сям‘і псаломшчыка. Закончыў Віленскую духоўную семінарыю. З 9 мая 1877 да 12 верасня 1884 быў настаяцелем Крыжа-ўзвіжанскай царквы ў Аранчыцах. Толькі… пад іншым прозвішчам: Кендысь. З Аранчыц святар быў пераведзены ў сабор Беластока, адтуль — у Кобрынскі павет.
У №37 “Гродненских епархиальных ведомостей” за 1904 год чытаем: “Указом Святейшего Синода от 2 сего сентября за №8432 дано знать, что Государь Император, по всеподданейшему докладу определения Св. Синода от 7-21 июня сего года Высочайше соизволил на разрешение священнику Березской церкви Кобринского уезда Александру Кендысю с семейством именоваться впредь по фамилии “Венчанинов”.
Якія падзеі сталі прычынай падобнай змены прозвішча, мы наўрад ці калі даведаемся. Хаця зразумела, што было гэта не проста наіўнае жаданне сталага мужчыны называцца больш мілагучна.
У сакавіку 1908 года тагачасны настаяцель Аранчыцкай Крыжаўзвіжанскай царквы Мікалай Пратасевіч па ўласнай просьбе быў пераведзены ў іншы прыход. На вызваленае месца папрасіўся айцец Аляксандр. 27 чэрвеня 1908 года ён прыступіў да сваіх абавязкаў на новым старым месцы. Думаю чамусьці, што ехаў сюды ўжо з мэтай пабудаваць царкву. І задума ўдалася!
Шмат увагі ўдзяляў святар і адукацыі мясцовых дзяцей: у справаздачы аб рабоце царкоўна-прыходскіх школ Гродзенскай епархіі за 1913/14 навучальны год Аранчыцкая школка названа сярод лепшых у Пружанскім павеце па арыфметыцы, гісторыі і геаграфіі. Да гэтага часу, дарэчы, школа была ўжо з чатырохгадовым курсам навучання (раней былі 2 гады). А ў 1911 годзе настаўнік Аранчыцкай ЦПШ Георгій Бандарук быў узнагароджаны залатым медалём “За усердие” для нашэння на грудзях на Ганненскай стужцы.
Яшчэ адна інфармацыя з “Гродненских епархиальных ведомостей”: 6 мая 1915 года – з нагоды дня нараджэння імператара Мікалая II – Аляксандр Венчанінаў узнагароджаны санам протаіерэя.
Далейшае пакрыта змрокам: ці то неўзабаве памёр, ці то выйшаў за штат і скончыў жыццёвы шлях пазней. Вакансію ў 1915-м, як ужо гаварылася, заняў Мікалай Станкевіч.
Святары, якія служылі ў Крыжаўзвіжанскай царкве вёскі Аранчыцы
Дружылоўскі Аляксандр, настаяцель прыхода Аранчыцы па стану на 1862 год (у 1838 перайшоў з уніяцтва ў праваслаўе, выйшаў за штат 26.05.1870 г.).
Дружылоўскі Ніканор, закончыў у 1868 годзе Віленскую духоўную семінарыю, 23.06.1868 — 5.03.1877 г.
Венчанінаў (Кендысь — памяняў прозвішча 2.09.1904 г.) Аляксандр Паўлавіч, протаіерэй, 9.05.1877—12.09.1884 г.; 27.06.1908—1915 г.
Шчарбіцкі Андрэй, 21.11.1884 — 13.07.1890 (памёр 30.08.1890 г.)
Пратасевіч Мікалай, 13.07.1890 — 14.03.1908 г.
Станкевіч Мікалай Платонавіч, протаіерэй (з 16.04.1934), нарадзіўся ў 1893 годзе, закончыў Віленскую ДС летам 1914 г., у 1915-м і пасля эвакуацыі з 18.11.1922 г. настаяцель Свята-Крыжаўзвіжанскай царквы ў Аранчыцах, благачынны 2-й акругі. Памёр 12.12.1934 г., пахаваны каля царквы.
Курыловіч Лука Міхайлавіч, 23.12.1932 — 28.03.1933 памочнік святара.
Копасаў Віталій, 16.02.1935 — (1939).
Нарка Іосіф, не раней 1935 г. — памёр 30.11.1945 г., пахаваны каля царквы.
Піліхоўскі Пётр — да 1947 г.
Катляроў Феадор, протаіерэй, 1948 — 1951.
Сахарчук Мікалай, 1951 —1952.
Сахарчук Іакаў, 1953 — 1954.
Клюка Фама, протаіерэй, 1954 —1962.
Мяшкоў Уладзімір, протаіерэй, 1962 —1968.
Белайц Сергій, протаіерэй, 1968 —1969.
Саўчук Мікалай, протаіерэй, 1969 —1984.
Камарчук Уладзімір, протаіерэй, 1984 —1991.
Крашчук Валерый, з 1991 да цяперашняга часу.
За сваю векавую гісторыю храм ніколі не закрываўся.
Вялікі дзякуй за прадастаўленыя дакументы настаяцелю Аранчыцкай царквы айцу Валерыю, дырэктару Аранчыцкага Дома фальклору Яўгеніі Віктараўне Васілюк, а так сама Ірыне Уладзіміраўне Сядовай за прадстаўленныя звесткі і дапамогу ў апрацоўцы матарыялу.